Пракуратура Ленінскага раёна Магілёва прыйшла да высновы, што габрэі няправільна сьвяткавалі Пурым. Вынік - тры штрафы.
Праваахоўнікі ўбачылі ў працэсе сьвяткаваньня парушэньне закона РБ «Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыяў». Афіцыйнае папярэджаньне прадстаўнікам габрэйскай абшчыны было ўручана пракуратурай Ленінскага раёна Магілёва.
На тэрыторыі Магілёўскай вобласьці на гэты момант існуе 88 школ, клясаў ды груп, якія маюць рэлігійны характар.Сярод іх 37 праваслаўных, 7 каталіцкіх, 22 эвангелічных хрысьціян-баптыстаў, 21 вернікаў-эвангелістаў і адна іудзейская група. Аднак колькасьць такога кшталту груп штогод расьце.
Тры гады таму, калі паміж Беларускай Праваслаўнай Царквой і дзяржавай было падпісана пагадненьне аб сумеснай працы ў сфэры адукацыі, сталі зьяўляцца ня толькі праваслаўныя нядзельныя школы, але і школы іншых рэлігійных канфэсій. Напрыклад, у дзіцячым садку № 72 горада Магілёва ў 2004 годзе была створана габрэйская дзіцячая група. Але праз два гады яе існаваньня, гэтай групай было атрымана афіцыйнае папярэджаньне з пракуратуры.
14 сакавіка габрэйская суполка сьвяткавала Пурым, але, як паведаміў Генадзь Хортаў, намесьнік пракурора Ленінскага раёна горада Магілёва, «падчас сьвяткаваньня была выкарыстана іудзейская сымболіка – зорка Давіда, рытуальная мінора. А таксама ўдзел у сьвяткаваньні прымалі дзеці, што законам забаронена».
Да адміністратыўнай адказнасьці прыцягнуты тры чалавекі – кіраўнік групы, загадчыца дзіцячага садка і яе намесьнік.
Зьміцер Мышкоўскі, Магілёўскі далягляд, Bulletinonline.org