Святлана Ціханоўская здзейсніла рабочы візіт у Латвію, дзе правяла сустрэчы з прэзідэнтам, прэм'ерам, міністрам замежных спраў і латвійскімі НДА. Святлана таксама ўсклала кветкі ля помніка Свабоды ў Рызе і запаліла свечкі разам з беларускай дыяспарай у памяць пра Рамана Бандарэнку.

Чакаецца, што ў найбліжэйшы час Латвія і балтыйскія краіны ўвядуць пашыраны спіс індывідуальных санкцый, які можа ўключаць сотні імёнаў людзей, вінаватых у фальсіфікацыях і рэпрэсіях. 

Святлана Ціханоўская заклікала Нацыянальны банк Латвіі спыніць супрацоўніцтва з дзяржбанкамі Беларусьбанк і Белаграпрамбанк, а таксама ўвесці эканамічныя санкцыі супраць дзяржаўных прадпрыемстваў, якія звальняюць работнікаў, якія ўдзельнічаюць у страйках.

У прыватнасці, Ціханоўская заклікала перагледзець кантракты аб закупках нафтапрадуктаў і металапрадукцыі, лясной і дрэваапрацоўчай прамысловасці і алкаголю з Беларусі. Таксама Святлана падтрымала ідэю накласці эканамічныя санкцыі на бізнэсы, звязаныя з Лукашэнкам і набліжанымі да яго людзьмі. 

Святлана Ціханоўская звярнулася да міністра Рынкевічса з просьбай падтрымаць міжнароднае расследаванне ў рамках універсальнай юрысдыкцыі і абвясціць арганізацыі ГУБАЗіК і АМАП экстрэмісцкімі. 

Прэзідэнт Латвіі Левітс заявіў, што лічыць Святлану Ціханоўскую прызнаным прадстаўніком народа Беларусі, і падтрымаў ідэю пашырэння санкцыйнага спісу на ўзроўні ЕС.

Святлана Ціханоўская ў сваю чаргу падзякавала Латвію за дапамогу параненым, адкрыццё гуманітарнага калідора, спрашчэнне візавых працэдур для рэпрэсаваных, а таксама матэрыяльную дапамогу для беларускіх журналістаў і рэпрэсаваных актывістаў. Ціханоўская таксама папрасіла аб падтрымцы малога бізнэсу, які пацярпеў праз рэакцыю рэжыму на страйкі.

Святлана Ціханоўская таксама абмеркавала з кіраўніцтвам Латвіі магчымасць адмены або пераносу чэмпіянату свету па хакеі з Мінска (планавалася, што чэмпіянат пройдзе ў Мінску і Рызе). Чакаецца, што рашэнне аб пераносе або адмене будзе прынята ў бліжэйшы час.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?