Карціна Ганны Рэдзькі.

Карціна Ганны Рэдзькі.

Я хачу расказаць усім пра Рому. Пра сімвалічнасць яго ахвяры. Вобраз Рамана Бандарэнкі як героя напоўнены высакароднасцю. І гэта абсалютна невыпадкова.

Рома быў маім студэнтам. Спачатку для мяне гэта быў сціплы прыветлівы юнак, які сядзеў на задняй парце, я нічога пра яго не ведаў. Выглядаў ён на звычайнага жывога хлопца, для Акадэміі мастацтваў гэта не зусім тыпова, усе стараюцца там падкрэсліць сваю арыгінальнасць. Але не Рома. Я выкладаў на іх курсе два прадметы адначасова: адзін цікавы, і нам усім было там добра, а другі — нудны, але патрэбны. Можна было б аддаць перавагу першаму, але Рома наведваў заняткі па абодвух прадметах.

Як потым высветліцца, лейтматыў чалавечай годнасці, гонару ў маіх у нейкім сэнсе наіўных прамовах на лекцыях, арганічна адгукаўся ў Рамане. Для яго найважнейшымі ў жыцці былі гэтыя паняцці.

Нічога не прадказвала, што мы пазнаёмімся бліжэй. Але Рома зрабіў дыпломную працу на оперную тэму і вырашыў паказаць мне, ведаючы мой оперны фанатызм. Праца была пра Рыхарда Вагнера, тады акурат быў двухсотгадовы юбілей. Рома назваў гэта дакументальна-паэтычным фільмам.

Адважна выбраў небанальную тэму. Не пабаяўся занурыцца ў глыбіні музыкі і філасофіі генія Вагнера. І ў той самы год пасля заканчэння акадэміі Рому прызвалі ў войска.

У яго і думкі не было «касіць». І «свяціў» Рому вайсковы спецназ, куды ён у выніку і трапіў. Па стане здароўя. Бездакорнага. Жартаваў, што здароўя яму хопіць на пару чалавек, абы маральна не зламацца.

Рома перажываў за хлопцаў, з якімі пазнаёміўся падчас прызыву, — казаў, што зусім кволыя, што не дадуць рады… Рома быў вельмі спагадлівы.

Рома не шукаў лёгкіх шляхоў. Ён заўсёды ўсім дапамагаў — і не толькі нацягваць палатно на падрамнікі сваім аднагрупніцам. Рома смела і самаахвярна прапаноўваў сваю дапамогу ў самых складаных сітуацыях.

Памятаю, як ён стараўся дапамагчы асесці ў Беларусі дзяўчыне з Данбаса, якая яму падабалася і якая сутыкнулася з вялікімі бюракратычнымі цяжкасцямі…

Мы пакуль не ведаем усіх падрабязнасцяў і абставін трагічнай смерці Ромы. Пакуль. Але я ўпэўнены, яго рыцарская прырода, прырода абаронцы, мужнасць і разам з тым міралюбівасць былі з ім да канца, а магчыма і былі прычынай фатальнага, але гераічнага фіналу.

Рома быў вельмі малады, натуральны, шчыры, сімпатычны, высакародны, рамантычны, прыгожы душой і целам чалавек, блізкі і зразумелы ўсім нам, наш усеагульны сын і брат, таму зусім невыпадковая народная любоў да яго як Героя. Рома — гэта мы.

На крывавым п'едэстале Герояў Беларускай Рэвалюцыі Сумлення Раман Бандарэнка заслугоўвае самага ганаровага месца. Яго смерць не можа застацца марнай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?