Лукашэнка заявіў, што 9 жніўня АМАП і ўнутраныя войскі не былі гатовыя да таго, што адбылося на вуліцах Мінска, «у нас жа ніколі такога не было». Пратэстоўцы ламалі амапаўцам хрыбетнікі і ногі [СМІ не маюць такіх фактаў, аднак маюць шмат фактаў гвалту да дэманстрантаў], і яму «велізарных намаганняў каштавала, каб утрымаць хлопцаў ад жорсткага адказу». Пра гэта ён распавёў 13 лістапада на сустрэчы з журналістамі. Поўную версію паказаў тэлеканал «112 Украіна», — піша Tut.by.

— Нам Бог дапамог. Нашы ўнутраныя войскі, АМАП, міліцыя — яны не былі гатовыя да гэтага [пратэстаў], у нас жа гэтага ніколі не было.

Лукашэнка заявіў, што на дапамогу прыйшлі былыя сілавікі, якія служылі ў АМАПе і ўнутраных войсках.

— Чаго яны туды прыперліся? Яны як адчулі. І калі ўбачылі натоўпы, якія былі нацэленыя на Палац незалежнасці, Дом урада, Адміністрацыю прэзідэнта, іншыя адміністрацыйныя будынкі, яны сказалі: «Хлопцы, ужывайце адмысловыя сродкі, вы не справіцеся з імі». І вось гэтыя хлопцы дапамаглі нашым дзеючым амапаўцам, міліцыі і гэтак далей.

Па словах Лукашэнкі, пратэстоўцы «заязджалі на аўтамабілях са спіны да амапаўцаў і ламалі, крышылі» — «перабівалі ім хрыбетнікі, ногі», «у шпіталях колькі іх і цяпер інвалідамі засталіся». Пра гэта, адзначыў ён, распавядала толькі беларускае тэлебачанне, у Інтэрнэце «пакутавалі», што «з сінякамі сышлі» пратэстоўцы.

— І мне велізарных намаганняў каштавала, каб утрымаць хлопцаў ад жорсткага адказу. Мы, унутраныя войскі, амапаўцы, узялі ваенныя помнікі пад ахову. Калі б яны (пратэстоўцы) пайшлі на іх — нават без зброі перамалолі б іх усіх. А мне давялося стрымліваць: «Пацярпіце хлопцы, пацярпіце, ім патрэбна карцінка. Калі мы пойдзем у адкрытую на іх, заўтра аб нас вытруць ногі не толькі на Захадзе, але і ў Расіі не зразумеюць». Прыйшлося стрымліваць, стрымліваць, стрымліваць, каб не было гібелі людзей.

Па яго словах, «калі б не было сёння Лукашэнкі», Беларусь бы «парвалі на кавалкі».

— Цябе б [журналісту АНТ Дзмітрыю Бачкову] не даравалі, ты быў бы недзе там. А яе [паказваючы на Наталлю Эйсмант] паставілі б да сценкі і адарвалі галаву. І многіх, многіх. А што было б зараз з ваеннымі, з гэтымі амапаўцамі, якія абсалютна ні ў чым не вінаватыя.

Ён яшчэ раз паўтарыў, што «насінячаныя ў Інтэрнэце» — людзі, размаляваныя фарбай і ўсё гэта фэйкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0