Пакуль ля метро «Пушкінская» ў Мінску сілавікі разганялі ўдзельнікаў маршу памяці Рамана Бандарэнкі, некалькі тысяч чалавек сабраліся ля мемарыяла забітаму актывісту на скрыжаванні вуліцы Чарвякова і Сморгаўскага тракта, піша Радыё Свабода.
Людзі скандавалі: «Трыбунал!» На даху трансфарматарнай будкі на плошчы Перамен тры хлопцы запалілі тры фаеры з белым, чырвоным і белым дымам.
Іх віталі воклічамі «Жыве Беларусь!» некалькі тысяч чалавек з нацыянальнымі сцягамі, якія сабраліся ў двары і ваколіцах.
Тут, ля мемарыяла Рамана Бандарэнкі, спачатку ніхто людзей не чапаў, але пазней, калі людзі выйшлі на праезную частку, прыйшлі сілавікі ў чорным.
Прагучала шмат выбухаў святлошумавых гранат і стрэлаў, усё ў дыме. Пасля выбухаў на плошчы Перамен у Мінску стаў кардон сілавікоў, людзі адышлі, каб не трапіць пад стрэлы, але не разбегліся, адышлі да мемарыяла Бандарэнкі і ў двары.