Беларускае тэлебачанне разжылося новым блокбастэрам. У сераду 13 траўня на экранах краіны была прэзентаваная меладрама «Малады фронт. Kidnapping». Прапануем вашай увазе толькі некалькі характэрных цытат з нашумелай прэм’еры.

«У сям’ю Святланы Лыскавец бяда прыйшла гэтай зімой — адзіны сын Яраслаў, у якім бацькі душы не чаялі, рэзка змяніўся: стаў замкнуты, калючы, агрэсіўны… А аднойчы ў партфелі Яраслава маці знайшла ўлётку з заклікам прыйсці на мітынг…»

«Гэтых дзяцей настройваюць не толькі супраць дзяржавы, палітыкі, але і супраць бацькоў».

«Святлана Міхайлаўна міма волі пачалі хадзіць на апазіцыйныя акцыі, сёлета не прапусціла ніводнай. Вось яна на «Чарнобыльскім шляху». Забітая горам маці шукае лідэраў «Маладога фронту», вакол адны дзеці, а лідэры недзе хаваюцца».

«Дашкевіч сказаў, што цяпер лёс майго сына ў іх руках. І яны, аказваецца, будуць распараджацца лёсам майго дзіця».

«У сталіцы Дашкевіч прыстроіўся да такой самай неўладкаванай моладзі, якая таксама любіла выпіць, але дэбашырыла перад тэлекамерамі».

«З часам Дашкевіч моцна змяніўся.

Касуху памяняў на пінжак, на лацкан прычапіў бел‑чырвона‑белы значак, назваўся Змітром. І вось гопнік з правінцыі ператварыўся ў цэлага лідэра «МФ».

«Іх лад жыцця ўяўляе вялікую пагрозу для моладзі, у якіх толькі фарміруецца светапогляд на жыццё».

«Дашкевіч калечыць дзіцячыя душы, ён ламае іх».

«Сямейныя дачыненні ў Дашкевіча таксама не ўдаліся, вось ён і разбурае сем’і іншых людзей, практычна выкрадаючы падлеткаў у бацькоў».

«Дзмітры Кароль — вядомы беларускі палярнік. 22 красавіка ён вярнуўся з камандзіроўкі.

Праз некалькі дзён пазванілі знаёмыя і сказалі, што ягоную дачку Маргарыту бачылі… на «Чарнобыльскім шляху».

«У Наталлі Рымшы іншая праблема для клопатаў, яшчэ мінулым летам яе сын прызнаўся, што далучыўся да «Маладога фронту». З таго часу ў хлопца шаляць нервы».

«Як мне растлумачылі гэта таксама ідзе ад апазіцыі — пратэстанцкая вера».

«Як я зразумела, іх там вучаць псіхалагічнай апрацоўцы. Як рукі трымаць, ногі. Вочы апускаць ці не апускаць».

«Пры сустрэчы я задавала спадару Дашкевічу гэтае пытанне.

Як ён можа дзіця, хрышчонае ў праваслаўе, вадзіць у каталіцкі храм?! Гэта ж грэх.

Ён кажа, што ўся іх дзейнасць базіруецца на хрысціянскіх прынцыпах, але ж гэта вялікі грэх».

«Гэтых жанчын і мужчын, такіх розных між сабой, аб’ядноўвае страх за сваіх дзяцей. У маці і бацькоў крадуць самае дарагое, што ў іх ёсць — іх дзяцей».

«Я настойліва патрабую ад вас, сп.Дашкевіч, каб вы вярнулі мне майго сына. Вы прыносіце гора людзям, пакіньце дзяцей ў спакоі».

Матэрыялы фільму, як выглядае, часткова сабраныя спецслужбамі. Наяўнасць іншых палітычных поглядаў (МФ, а не БРСМ), прыналежнасць да іншай культурнай традыцыі (беларускамоўнай, а не савецкай) фільм падносіць як сацыяльную і ці не псіхічную анамалію.

Альтэрнатыўны пункт гледжання — напрыклад, як ацэньваюць маладафронтаўцаў і іхную дзейнасць народныя пісьменнікі Беларусі ці сусветна вядомыя дзеячы культуры і грамадства іншых краінаў — БТ, вядома не падае. Хоць меркаванні наконт гэтага Ніла Гілевіча, Вацлава Гаўла, Тома Стопарда ці Анджэя Вайды больш чым вядомыя.

Аўтары фільму залезлі ў прыватнае жыццё моладзі, а таксама гвалтоўна ўварваліся ў хату бацькоў Змітра Дашкевіча, каб зняць іхны, нібыта недастойны побыт. Вось такая «журналісцкая» праца.

Зміцер Панкавец

ілюстрацыі дзякуючы citus.livejournal.com

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0