Рада Міжнароднай федэрацыі хакея (IIHF) абмяркуе пытанне правядзення чэмпіянату свету 2021 года ў Мінску. Мерапрыемствы пройдуць 18 і 19 лістапада ў анлайн-фармаце, піша ТАСС.

Чэмпіянат свету 2021 года павінен прайсці з 21 мая па 6 чэрвеня ў Рызе і Мінску. Аднак у пачатку жніўня віцэ-прэзідэнт IIHF Калерва Кумола паведаміў, што ўзняў пытанне аб змене месца правядзення турніру. Прычынай гэтай ініцыятывы сталі падзеі пасля выбараў у Беларусі.

Астатнія члены выканаўчага органа IIHF выступілі супраць, а прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі Рэнэ Фазель неаднаразова заяўляў, што яго арганізацыя не збіраецца пераносіць турнір і «ўлазіць у палітыку». 7 верасня з'явілася інфармацыя аб тым, што Кабінет міністраў Латвіі звернецца ў IIHF з просьбай правесці чэмпіянат свету з іншай краінай.

Мінск, у сваю чаргу, заяўляў пра гатоўнасць арганізаваць турнір самастойна.

Еўрапейскі парламент таксама заклікаў нацыянальныя спартыўныя федэрацыі адклікаць рашэнне аб правядзенні чэмпіянату свету па хакеі 2021 года ў Беларусі. Галоўнай прычынай называюцца парушэнні правоў чалавека.

Папярэдняя рада IIHF прайшла 18 верасня. На ёй была сфарміравана экспертная група, якая займаецца аналізам падрыхтоўкі турніру. Плануецца, што на пасяджэнні, якое мае адбыцца, будзе прадстаўлена дэталёвая справаздача экспертнай групы.

У панядзелак Латвія ўнесла ў спіс беларусаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю краіны, кіраўніка федэрацыі хакея Беларусі Дзмітрыя Баскава.

Кумола ў інтэрв'ю фінскай газеце Ilta-Sanomat адзначыў, што дадзенае рашэнне не зробіць станоўчага ўплыву на арганізацыю турніру.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?