Колькасць тых, хто заразіўся каранавірусам, вырасла ў свеце за мінулы тыдзень амаль на 4 млн, гэта самы высокі паказчык з пачатку пандэміі. Колькасць выпадкаў са смяротным зыходам павялічылася больш чым на 59 тыс., паведаміла ў ноч на сераду Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ), піша ТАСС.

Ад 8 да 15 лістапада ў свеце былі зарэгістраваныя 3 977 223 новыя выпадкі заражэння і 59 699 смяротных зыходаў. Абодва паказчыкі істотна выраслі ў параўнанні з папярэднімі сям'ю днямі, калі было выяўлена 3 695 495 новых хворых, а памерлі 54 835 чалавек.

«Хоць рэгіён Еўропы працягвае паведамляць аб самым вялікім ліку тых, хто захварэў (46%), на мінулым тыдні ён знізіўся на 10% [у параўнанні з папярэднімі сям'ю днямі] з прычыны ўзмацнення мер у галіне аховы здароўя і грамадскіх мер», — сказалі ў СААЗ. У Старым Свеце з 8 па 15 лістапада было зарэгістравана 1 840 085 выпадкаў заражэння і 29 043 памерлых.

У Паўночнай і Паўднёвай Амерыцы за тыдзень колькасць інфікаваных вырасла больш чым на 1,45 млн, памерлі больш за 19 тыс. чалавек. У рэгіёне Паўднёва-Усходняй Азіі заразіліся больш за 373 тыс. чалавек, а колькасць смяротных зыходаў за сем дзён перавысіла 4,5 тыс.

У ЗША колькасць заражаных павялічылася больш як на 1 млн, у Індыі — больш як на 306 тыс., у Італіі — на 242 тыс., у Францыі — на 203 тыс., у Бразіліі — на 179 тыс. Далей ідуць Вялікабрытанія, дзе за сем дзён было зарэгістравана амаль 173 тыс. новых выпадкаў інфікавання, Польшча (больш як 169 тыс.), Расія (больш як 151 тыс.), Германія (амаль 132 тыс.) і Іспанія (больш як 87 тыс.).

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?