У выпуску дэбатаў «ДысКУТ» праблемы дзяржаўнай палітыкі ў дачыненні культуры абмяркоўваюць сцэнарыст, мастацкі кіраўнік «Свабоднага тэатра» Мікалай Халезін і культуролаг, публіцыст Максім Жбанкоў.

Невядомыя знішчаюць агнём мурал з Купалаўскім тэатрам у Мінску.

Невядомыя знішчаюць агнём мурал з Купалаўскім тэатрам у Мінску.

«Мы знаходзімся прыблізна ў 19 стагоддзі. Гэта калі існуе пэўнае Міністэрства культуры, якое выконвае пераважна карныя функцыі альбо кагосьці заахвочвае за лаяльнасць, выплачваючы дзяржаўныя субсідыі, — кажа Халезін. — Да сучаснага свету мастацтва гэта не мае ўвогуле ніякага дачынення. Гэта абсалютна заганная практыка, якая нават пры перастаноўцы лідараў, умоўна пры змене міністра культуры з «кепскага» на «добрага», усё адно прывядзе да сумнага выніку».

Мікалай Халезін адзначае, што зараз мы назіраем, як зорак беларускай культуры дзяржава заганяе ў маргінальнае поле і цалкам пазбаўляе іх матэрыяльнай падтрымкі. 

«На сцэне Купалаўскага выступаюць Фінберг і «Харошкі», дзяржаўны ансамбль «Песняры» абслугоўвае вячоркі Аляксандра Лукашэнкі. А ў гэты час тыя, хто мусілі быць суб’ектамі падтрымкі, — музыканты, тэатры і гэтак далей — яны граюць на плошчах, у непрыстасаваных памяшканнях, не атрымліваючы ні капейкі датацый, ледзь зводзячы канцы з канцамі.

Пры гэтым, калі мы глядзім на сусветную сцэну, мы бачым Лявона Вольскага, які выступае на стадыёне ў Варшаве, альбо «Свабодны тэатр», які аб’язджае ўсе вядучыя пляцоўкі свету, мастакоў, якія выстаўляюцца ў крутых галерэях. Атрымліваецца, што [ў Беларусі] зоркі знаходзяцца ў полі маргінальным, куды іх загналі ўлады, а маргінальныя калектывы знаходзяцца ў статусе дзяржаўных ансамбляў і атрымліваюць датацыі. Альбо нават тыя, хто адносяцца да такога лёгкага жанру, кшталту «Сяброў», «Верасоў» — гэтыя калектывы не павінны мець ніякіх дзяржаўных датацый, бо яны самі ў стане сябе карміць», — кажа мастацкі кіраўнік «Свабоднага тэатра».

Культуролаг Максім Жбанкоў ж адмаўляе карысць культурнай палітыкі ў прынцыпе.

«Для мяне самай галоўнай праблемай у культурнай палітыцы спачатку савецкай, потым постсавецкай і ўрэшце сучаснай з’яўляецца сама прысутнасць культурнай палітыкі. Мяне жудасна раз'юшвае, што хтосьці за мяне вырашае, што мне любіць. Мяне абсалютна не задавальняе, калі хтосьці за мяне рашае, на якую з арт-пляцовак трэба кінуць мае падаткі. Мне абсалютна не падабаецца, калі дзяржава пачынае лячыць артыстаў і навязваць ім вызначаны дырэктыўны набор каштоўнасцяў», — тлумачыць Жбанкоў.

І ставіць пытанне іначай: а ці патрэбная нам увогуле культурная палітыка? 

«На мой погляд культурная палітыка ў яе існуючым варыянце — гэта грандыёзная памылка. Я раблю выснову, што яшчэ доўгі пераходны постлукашэнкаўскі перыяд мы будзем мець такую ж тупую аўтарытарную бюракратычную недаперабудаваную сістэму і, адпаведна, невыразную і агрэсіўную культурную палітыку. Толькі, магчыма, атрымальнікі падтрымкі ад дзяржавы будуць іншымі і нам яны будуць падабацца трошку больш.

Я як культурны анархіст зыходжу з таго, што дзяржава павінна пазбавіцца сваёй кіруючай ролі, павінна перастаць быць адзіным і галоўным спонсарам культурніцкіх праектаў. Дзяржава павінна проста адпусціць мой народ і не перашкаджаць яму спяваць яго песню», — кажа Максім Жбанкоў. 

Глядзіце поўны выпуск дэбатаў на ютуб-канале дэбатаў «ДысКУТ»:

03:28 — наша Міністэрства культуры з 19-га стагоддзя

06:29 — можа нам наогул не трэба культурная палітыка?

09:46 — наколькі мастацтва анархічнае

13:04 — структуры, якія не ў стане сябе карміць

16:50 — хто падтрымаў бы эксперыментальныя праекты

20:20 — ці здольная культура існаваць без наглядчыкаў

25:25 — якая розніца паміж густаўшчынай бізнэсоўца і чыноўніка

30:51 — дзяржава толькі замінае культуры

37:11 — знішчэнне ідэалагічнага кантролю і цэнзуры для культурнай палітыкі

44:55 — ці прывядзе камерцыялізацыя да нівелявання значэння традыцыйнай культуры

50:20 — ці павінна быць у культуры цэнзура сэксізму або расізму

54:43 — ці павінна дзяржава праводзіць беларусізацыю

01:01:13 — як падтрымліваць інстытуты крытыкі мастацтва

01:05:22 — роля навучальных устаноў у культурнай палітыцы

Чытайце таксама: Як дапамагчы музыкам у час дваровых канцэртаў, калі няма магчымасці зрабіць ахвяраванне

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?