15 лістапада пад сценамі Фрунзенскага РУУС у Мінску валанцёры пачулі крыкі. «Наша Ніва» пагутарыла з затрыманымі, якія былі там у той дзень. Большасць казала пра карэктнае стаўленне з боку міліцыянтаў, але двое згадалі дзіўную гісторыю. Нібыта мужчыну, які спрачаўся з супрацоўнікам, адвялі ў прыбіральню, білі і акуналі галавой ва ўнітаз.

Чытайце: Што адбывалася ў Фрунзенскім РУУС, пад сценамі якога ў нядзелю чулі крыкі?

Пасля публікацыі з Рэдакцыяй звязаўся чалавек, які пабываў у Фрунзенскім РУУС раней. Ён сцвярджае, што падобная гісторая адбылася не ўпершыню.

Затрыманні 1 лістапада. Ілюстрацыйнае фота Шуры Піліповіч-Сушчыц

Затрыманні 1 лістапада. Ілюстрацыйнае фота Шуры Піліповіч-Сушчыц

Мужчыну, які напісаў нам (яго імя вядома Рэдакцыі), затрымалі 1 лістапада. У аддзяленні людзі тады таксама сядзелі ў актавай зале, а пасля запаўнення дакументаў іх пераводзілі ў камеры на першым паверсе.

«Калі на мяне складалі пратакол, вельмі блізка стаяў адзін супрацоўнік, і я падняў на яго галаву. Ён сказаў тады нешта накшталт: «Чаго пялішся?» А калі мяне ўжо выводзілі ў камеру, ён сядзеў на прыступках да сцэны і перамовіўся з іншым міліцыянтам: «Давай яшчэ гэтага».

Яны пайшлі следам. Калі па лесвіцы спускаліся, адзін з іх мне руку на плячо паклаў, сказаў, што трэба пагутарыць. Я спачатку падумаў, што, магчыма, яны будуць раскручваць раскаяцца на відэа. У той дзень у Фрунзенскім РУУСе прапаноўвалі: здымецеся — і вам дадуць штраф і адпусцяць.

На шляху да камер на першым паверсе ёсць прыбіральня. Яны завялі мяне туды, знялі з мяне маску, прымусілі стаць на калені перад унітазам, нахілілі галаву і некалькі разоў націскалі на спуск. Абражалі, але асабліва не збівалі», — расказаў мужчына.

Суразмоўца мяркуе, што асаблівае стаўленне да яго магло быць праз доўгія валасы ці беларускую мову.

У камеры з ім быў хлопец, якога таксама клікалі «на размову». «Ён нібыта задзіраўся, калі складалі пратакол, нейкія пытанні задаваў. Хлопец расказаў, што яго заводзілі ў прыбіральню, апускалі галавой ва ўнітаз, збівалі, распылілі балончык у штаны».

Ці будзе суразмоўца падаваць заяву на дзеянні міліцыянтаў, ён яшчэ не вырашыў.

«Наша Ніва» папрасіла пракаментаваць гэтыя выпадкі дэпутата Алега Гайдукевіча, які ў свой час узначальваў Фрунзенскае РУУС.

«Я ў гэта не магу паверыць! Мая пазіцыя з 9 жніўня: ніякі гвалт нідзе не дапушчальны. Таму трэба па кожным факце пісаць заяву і індывідуальна разбірацца. І ў гэтым мусіць быць зацікаўлена ў першую чаргу дзяржава, каб да яе быў давер.

Для мяне гэта дзіка ўявіць: як у прыбіральні?.. Бо памятаю, што нават пры мне — не ў мяне ў калектыве — за выпадкі перавышэння паўнамоцтваў пры затрыманні заводзіліся справы», — выказаўся Алег Гайдукевіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?