На прэм’еру пастаўленага паводле аповесці Васіля Быкава фільма «Асуджаныя на вайну» прыйшлі два чалавекі. Адзін з іх — карэспандэнт «НН».

Прэм’ера мелася адбыцца ўвечары чацвярга ў кінатэатры «Піянер», але была адменена. Праблема была ў поўнай адсутнасці рэкламы для мэтавай аўдыторыі такога кіно.

У пятніцу паказ у 17:30, у суботу і нядзелю ў 15:30.

На наступным тыдні ў «Піянеры» (Энгельса, 20, станцыя метро «Купалаўская») фільм будзе дэманстравацца ў панядзелак у 11:00, 17:00, у аўторак і сераду а 17‑й.

У кінатэатры «Салют» (пр‑т Ракасоўскага, 150а) 21 і 22 траўня (чацвер — пятніца) у 16:50, 23 і 24 траўня (субота — нядзеля) у 14:00.

ПК

***


Асуджаныя на вайну (Обречённые на войну)
Расія, 2009, каляровы, 94 хв.
Рэжысёрка: Вольга Жуліна
Жанр: Драма паводле аповесці Васіля Быкава «Пайсці і не вярнуцца»
Сцэнарная адаптацыя: 8 (з 10 балаў)
Акторская гульня: 7
Рэжысура: 5

На тле фальшывага пафасу з чырвона‑зялёнымі і жоўта‑чорнымі стужкамі, з румянымі афіцэрамі на тэлеэкранах і бадзёрым бразгатам зброі не кожны заўважыць ціхую стужку «Асуджаныя на вайну». Але карціна, знятая расійцамі, — экранізацыя аповесці Васіля Быкава «Пайсці і не вярнуцца».

Васіль Быкаў — адзін з самых кінематаграфічных пісьменнікаў, але далёка не ўсе фільмы паводле яго твораў уздымаліся да арыгіналу. (А аповесць «Пайсці і не вярнуцца» ставіцца ўжо трэці раз.) Простасць гісторыі пра разведчыцу Зосю, якую вырашае здаць у паліцыю закаханы партызан‑перабежчык, — падманлівая.

Калі «Беларусьфільм» уцякае ад беларускай мовы, як чорт ад ладану, дык у расійскім фільме галоўная гераіня збольшага гаворыць па‑беларуску. Жывая гутарка даўно нікога не здзіўляе (акрамя саміх беларусаў), расійскія крытыкі адрэагавалі на мову вельмі станоўча.

Саліруе ў фільме Ніна Лашчыніна, якая аддана грае сваю гераіню. Крохкая Зося, амаль дзіця, якая выпрабоўваецца здрадай і холадам, і, нягледзячы на вонкавую слабасць, маральна перамагае — тыповая быкаўская гераіня. Майстэрству актрысы не замінае ні няўпэўненая рэжысура, ні лішняя — эратычная — сцэна. Нават празмерная музыка не здольная заглушыць этычны катэгарызм быкаўскае аповесці.

Тая ваенная аповесць Быкава, на самой справе, не пра вайну. Яна пра чалавека ўвогуле. Чалавека ва ўсе часы і для ўсіх народаў. Чалавека, які абірае паміж злом і дабром.

А расійская стужка — нагода ўзяць у рукі беларускую кнігу.

Андрэй Расінскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0