Аказваецца, назойлівая думка пра педыкулёз пераследуе не толькі высокае начальства :)

«Лідэры АДС вырашылі расставіць усе кропкі над «і» і праверыць усе дэмакратычныя суб'екты на «вашывасць». Неўзабаве будзе выпрацаваны Мемарандум аб узаемадачыненнях апазіцыі з уладамі ў змененых унутры- ды замежнапалітычных умовах».

Такі стылёва разняволены каментар змешчаны не дзе-небудзь, а на сайце Аб’яднаных дэмакратычных сіл.

Ідэю павязаць усіх «страшнай клятвай» справакаваў разбор палётаў кіраўніка БСДП Анатоля Ляўковіча. Маецца на ўвазе яго нашумелае інтэрв’ю «СБ».

Дык вось, мяркуецца стварыць дакумент, пад якім, паводле Анатоля Лябедзькі, прапануюць падпісацца сябрам не толькі АДС, «але і іншых дэмакратычных арганізацый». Карацей, нешта кшталту прысягі: вось за гэту рысу ў дачыненнях з уладай клянемся не заходзіць!

Заклапочанасць лідэраў тытульнай апазіцыі адзінствам шэрагаў можна зразумець. Улада напоўніцу карыстаецца новай сітуацыяй (дыпламатычны прарыў у Еўропу, якая, у сваю чаргу, «здрадзіла дэмакратыі»), каб яшчэ болей пакалоць сваіх унутраных палітычных апанентаў. З адных — сфармаваць кандыдатаў на кішэнную апазіцыю, іншых — канчаткова выціснуць у нікуды.

Ад тых, каго называюць дэмакратычнымі сіламі, сітуацыя патрабуе мазгавога штурму, выпрацоўкі адэкватнай парадыгмы дзеянняў ва ўмовах, калі звыклая двухмерная сістэма палітычных каардынат сапраўды паплыла.

Ці дапаможа тут мемарандум?

Падаецца, што ён можа толькі падліць алею ў агонь, яшчэ болей раскалоць апазіцыю. Ці захоча, напрыклад, падпісваць клятву Мілінкевіч, які зараз, па Кіплінгу, гуляе сам па сабе? Вось вам і адзін раскол. З іншага боку, Аляксей Янукевіч, што амбіцыйна заявіў пра жаданне змагацца за пасаду кіраўніка Партыі БНФ, зусім не выключае хаўрусу з Рухам за Свабоду (трэба разумець: і патрымкі Мілінкевіча на наступных прэзідэнцкіх выбарах). Вось вам ужо зярняты будучых калізій.

Зноў жа: патрабаванне «страшнай клятвы» можа паглыбіць трэшчыну між партыйнай апазіцыяй і трэцім сектарам.

Яго прадстаўнікі і так ужо багата атрымалі за «калабаранцтва» — у прыватнасці, за ўдзел у розных круглых сталах ды кансультатыўных радах.

Ці захочуць, прыкладам, БАЖ, прадпрымальніцкія асацыяцыі, іншыя структуры аўтэнтычнага трэцяга сектару звязваць сябе нейкай такой канвенцыяй? У іх жа ёсць свае карпаратыўныя інтарэсы, што вымагаюць, у прыватнасці, гнуткага ўзаемадзеяння з уладнымі структурамі. Бізнэсоўцы, журналісты, прадстаўнікі іншых прафесійных цэхаў не могуць дазволіць сабе раскошы паўгода сядзець склаўшы рукі пад гордым лозунгам байкоту. Ім трэба рабіць канкрэтную справу тут і цяпер.

У рэшце рэшт, ніша для дэмакратычных арганізацый прадугледжана праграмай «Усходняга партнёрства». Гэта — Форум грамадзянскай супольнасці. У той жа час тытульная беларуская апазіцыя, не маючы прадстаўніцтва ў сістэмнай палітыцы, найхутчэй што праляціць міма «Еўрагнязда» — меркаванай міжпарламенцкай асамблеі УП.

Вось вам яшчэ адна калізія. Між тым прэтэнзіі вярхоўкі партыйнай апазіцыі на ролю нейкіх носьбітаў найвышэйшай палітычнай маралі і так ужо, мяркуючы па многіх маіх размовах, пачалі даставаць тых людзей (дастаткова дарослых і са сваёй галавой на плячах), што праходзяць у паперах АДС пад грыфам «прадстаўнікоў дэмакратычнай супольнасці».

Карацей, ідэя павязаць нейкім універсальным мемарандумам розныя сегменты палітычнай апазіцыі і аўтэнтычнага, не кішэннага трэцяга сектару — выглядае ўтапічнай. Пры сталай традыцыі пошуку здраднікаў гэта можа выліцца ў яшчэ большы раздрай.

Сёння патрэбна не фармальная папера, а моцная і гнуткая стратэгія.

Зрэшты, як мяркуе палітолаг Юрый Чавусаў, ідэя мемарандуму можа не дайсці да ўвасаблення. «Не думаю, што ў палітыцы мае сэнс заключаць такога кшталту пісьмовыя пагадненні, —лічыць ён. — Нейкае джэнтльменскае пагадненне было б лепшым варыянтам».

Ну, а калі ідэя ўсё ж рэалізуецца… :)

«— У лейтэнанта было тры сыны, — заўважыў Бендэр, — два разумныя, а трэці дурань. Яго трэба перасцерагчы.

— Не трэба, — сказаў Балаганаў, — хай ведае іншым разам, як парушаць канвенцыю».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?