Міністрам культуры прызначаны чалавек, які ніводнага дня не працаваў у сферы культуры. Ім стаў былы памочнік кіраўніка краіны па Брэсцкай вобласці Анатоль Маркевіч.

Анатоль Маркевіч. Фота grodnonews.by.

Што пра яго вядома? Маркевічу 49 гадоў. Ён родам з вёскі Грамкі Шчучынскага раёна. Вучыўся на настаўніка матэматыкі ў Брэсцкім педагагічным універсітэце. Пасля працаваў настаўнікам на радзіме. Ужо ў 28 гадоў стаў дырэктарам Карэліцкай СШ №1.

Ад 2002 года — на чыноўніцкай працы. Спачатку працаваў намеснікам старшыні Карэліцкага райвыканкама. У 2011-м — стаў старшынёй Навагрудскага райвыканкама. Апошнія два няпоўныя гады быў памочнікам Лукашэнкі на Брэстчыне.

За час працы ў Навагрудку запомніўся тым, што ініцыяваў малебен з просьбай аб дажджы. Тады ў навагрудскі сабор прыйшла ўся раённая вертыкаль. Яшчэ Маркевіч адмовіўся надаць адной з вуліц Навагрудку імя навукоўца Барыса Кіта. «Навагрудскі райвыканкам палічыў гэта немэтазгодным», — было ў адказе Маркевіча.

«Наша Ніва» патэлефанавала ў Грамкі Шчучынскага раёна, каб даведацца троху пра новага міністра. Бацькі — Яніна і Мечыслаў — працягваюць жыць у Грамках, але звязацца з імі не ўдалося. Тым не менш, вяскоўцы расказалі нам пра земляка.

Грамкі — не самая вялікая вёска, за савецкім часам там жыло каля 200 чалавек, у канцы 90-х — сотня, цяпер — усяго васямнаццаць. Тым не менш, кажуць, паколькі вёска знаходзіцца ля трасы, то закінутай яна не выглядае. Дзеці і ўнукі прыводзяць у парадак дамкі, нават калі там стала ніхто не жыве.

Бацька Мечыслаў мясцовы, а вось маці Яніна трапіла ў Грамкі па размеркаванні пасля бухгалтарскіх курсаў, сама яна з ваколіц Жалудка. Працавала ў сельсавеце, але потым сустрэлася з Мечыславам Маркевічам. Яны вельмі хутка ажаніліся, Яніне на той момант было ці 16, ці 17 гадоў.

Бацька працаваў шафёрам у дырэктара саўгаса Кунцэвіча. У хуткім часе яму атрымалася перацягнуць жонку на працу да таго ж Кунцэвіча, яна стала ягонай сакратаркай-машыністкай. 

Калі Кунцэвіча звольнілі з саўгаса, то адтуль хутка і сышлі і Маркевічы. Маці ў хуткім часе стала загадчыцай мясцовай пошты. 

У Грамках усе каталікі, вядома, не выключэнне тут і сям’я Маркевічаў. Дзяцей вазілі хрысціць ці то ў Літву, ці то ў Жалудок. Самы блізкі касцёл, які ў Новым Двары, у той час не працаваў.

У Мечыслава і Яніны Маркевічаў трое дзяцей. Старэйшы Віктар працуе намеснікам генеральнага дырэктара па тэхнічных пытаннях «Гродзенскага гарбарнага аб’яднання». «У іх там сваяк працаваў, які ўладкаваў Віктара, ён спачатку там ці то электрыкам працаваў, ці то кім, а потым намеснікам дырэктара стаў», — расказваюць у Грамках.

Віктар Маркевіч. Фота з Аднакласнікаў.

Дарэчы, доўгі час «Гродзенскае гарбарнае аб’яднанне» ўзначальваў Сямён Домаш, адзін з кандыдатаў ад апазіцыі на выбарах 2001 года, які потым сышоў на дзяржаўную службу. Домаш памёр у мінулым годзе.

Малодшая дачка Наталля жыве і працуе ў Шчучыне. Яна галоўная спецыялістка ўпраўлення эканомікі мясцовага райвыканкама. А яе муж Сяргей Асавік працуе начальнікам аховы правапарадку Шчучынскага РАУС.

«Калі Анатоль адвучыўся ў Брэсце, то паехаў працаваць у Прудзяны — гэта побач з Грамкамі, жыў у бацькоў, там мо гады два пабыў дырэктарам школы, а потым яе закрылі. Пасля працаваў настаўнікам фізкультуры ў Новым Двары, але хутка стаў зноў дырэктарам школы ў Бакштах, але і тую школу закрылі», — расказваюць аднавяскоўцы.

У выніку Анатоль вырашыў з’ехаць на радзіму жонкі ў Карэліцкі раён. Алена Маркевіч, у дзявоцтве Кавалевіч, родам з Турца на Карэліччыне. Вучылася на біялагічным факультэце ў Гродне. «Дзе яны пазнаёміліся ўжо і не помнім, але вяселле гулялі ў нас», — кажуць у Грамках.

Алена Маркевіч. Фота з Аднакласнікаў.

Калі Анатоль Маркевіч узначаліў Навагрудскі райвыканкам, то жонку трымаў побач. Яна працавала галоўнай спецыялісткай аддзела культуры райвыканкама. Мабыць, самы блізкі кантакт з культурай у Маркевіча.

У пары трое сыноў. Старэйшы Ілля сёлета скончыў БНТУ, кажуць, што ўладкаваўся ў прыватную фірму.

Ілля Маркевіч. Фота з vk.com.

Сярэдні Яўген скончыў сёлета школу і паступіў вучыцца ў БДПУ імя Танка на настаўніка фізкультуры. Ён марыў стаць прафесійным футбалістам, але не дужа атрымалася. Самы малодшы сын яшчэ трэцякласнік — позняе дзіця.

Яўген Маркевіч. Фота з vk.com.

На радзіму Анатоль Маркевіч стараецца прыязджаць часта, але, калі працаваў у Брэсце, то рабіць гэта не дужа атрымлівалася.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?