Аляксей Кудзін падчас акцыі 10 жніўня. Фота Настассі Уткінай

Сёння ў маладзечанскім судзе павінна адбыцца першае пасяджэнне па справе адзінаборца Аляксея Кудзіна. Кудзіна абвінавачваюць па частцы 2 артыкуле 363 Крымінальнага кодэкса — «Супраціўленне супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якія ахоўваюць грамадскі парадак». Максімальная санкцыя — да пяці год пазбаўлення волі, паведамляе Рэгіянальная газета.

Кудзіна затрымалі ў жніўні, ён правёў некалькі тыдняў у следчым ізалятары ў Жодзіне. Пасля яго перавялі пад хатні арышт 21 жніўня.

На пасяджэнне Кудзін не з’явіўся. Дзяржаўны абвінаваўца Алена Балоціна сказала, што без абвінавачванага разбіральніцтва працягваць немагчыма. Суддзя Вольга Дубовік пастанавіла прымусова даставіць яго да 14:30.

Жонка кажа, што Кудзін паехаў у суд

Пасля дзвюх гадзін пасяджэнне працягнулася. Суддзя Дубовік атрымала рапарт ад супрацоўніка Маладзечанскага РАУС. У ім міліцыянер напісаў, што прыехаў дадому да Аляксея Кудзіна, але яго там не было. Жонка Кудзіна сказала, што раніцай муж паведаміў, што з’язджае ў суд. Больш яна яго не бачыла, на тэлефон не адказвае.

Кудзіна аб’явілі ў вышук

Суддзя Дубовік змяніла меру стрымання з хатняга арышту на заключэнне пад варту.

Аляксея Кудзіна афіцыйна аб’явілі ў вышук.

Суддзя адзначыла, што Кудзіна (калі яго знойдуць) будуць утрымліваць у СІЗА ў Жодзіне. Пакуль крымінальная справа прыпыненая.