Юлія Коцкая.

Маскоўскі суд Менску прысудзіў карэспандэнтцы БелаПАН Юліі Коцкай 8 сутак арышту за нібыта ўдзел у нядзельнай акцыі пратэсту 15 лістапада, якую яна асьвятляла, піша Свабода.

Працэс вяла судзьдзя Лідзія Целіца.

15 лістапада Юлія Коцкая разам з калегамі Андрэем Шаўлюгам і Андрэем Рабчыкам рыхтавалася асьвятляць пратэставы марш у раёне станцыі мэтро «Пушкінская», знаходзячыся ў гатэлі «Арбіта» на праспэкце Пушкіна. З 11.30 да 12.00 ніякіх падзей у тым раёне не было, апроч затрыманьняў супрацоўнікамі ў чорным асобных прахожых, расказала ў судзе Коцкая.

Адвакат Максім Конан прадставіў судзьдзі копію дамовы з гатэлем «Арбіта», рэдакцыйныя заданьне і пасьведчаньне ад агенцтва БелаПАН, фатаздымкі, апублікаваныя агенцтвам БелаПАН, зробленыя Андрэем Шаўлюгам да затрыманьня.

Паводле пратаколу, Коцкая нібыта прыняла ўдзел у пікетаваньні «ў групе грамадзян» па праспэкце Пушкіна, 39 у 12.30 «з мэтай выказваньня нязгоды зь дзейнай уладай». Юлія Коцкая віны не прызнала.

Журналістка расказала, што яе затрымалі ў нумары гатэля «Арбіта», дзе яна пражывала з 14 лістапада. З гэтага нумару яна разам з калегамі вяла фота- і відэафіксацыю таго, што адбывалася на вуліцы, выконваючы свае абавязкі журналіста.

Журналістка падкрэсьліла, што на момант затрыманьня ніякіх масавых мерапрыемстваў на праспэкце Пушкіна яшчэ не было — толькі паасобныя затрыманьні.

Паводле Коцкай, у 12.30 у нумар зайшлі тры чалавекі ў спартовых касьцюмах і масках, назваліся міліцыяй. Яны загадалі скласьці ўсю тэхніку на ложак, абшукалі. Пасьля яны вывелі затрыманых праз чорны ход гатэля і перадалі іх супрацоўнікам АМАПу. Тыя даставілі Коцкую, Шаўлюгу і Рабчыка ў РУУС Маскоўскага раёну.

Там Коцкая ўказала, што нязгодная са складзеным на яе пратаколам па адміністрацыйным артыкуле 23.34 (парушэньне парадку правядзеньня і арганізацыі масавых мерапрыемстваў). Яе адпусьцілі ў ноч з 15 на 16 лістапада.

Сьведка са зьмененым прозьвішчам Іваноў Іван Іванавіч, супрацоўнік міліцыі, расказаў у судзе, што нёс службу ў раёне праспэкту Пушкіна 15 лістапада, дзе ў раёне 11.00 нібыта адбывалася пікетаваньне зь незарэгістраванай сымболікай.

Ён сказаў, што зьмена прозьвішча зьвязаная зь «бясьпекай».

Паводле міліцыянта, ён запомніў Коцкую дзякуючы сваёй «фатапамяці», але пры гэтым ня змог ацаніць колькасьць удзельнікаў «несанкцыянаванага пікетаваньня» ў раёне затрыманьня і ня памятаў, чым канкрэтна займалася Коцкая ў той час. Ён заявіў, што ня ўдзельнічаў у затрыманьні, але быў яго сьведкам. Пры гэтым ён ня памятаў абсалютна ніякіх дэталяў затрыманьня. «Кожны дзень адбываюцца затрыманьні», — паўтараў ён.

Міліцыянт таксама ня змог назваць, хто з калегаў апытваў яго як сьведку ў Маскоўскім РУУС.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?