20 лістапада ў судзе Цэнтральнага раёна пачаўся працэс па справе журналісткі Tut.by Юліі Альгерчык. Яна была затрыманая позна ўвечары 15 лістапада ў раёне вуліцы Чарвякова, дзе сілавікі разагналі акцыю пратэсту і патрулявалі двары і дамы мясцовых жыхароў. Юлія прыбыла на плошчу Перамен пасля 20 гадзін, ніякіх мітынгаў у той момант ужо не праводзілася. Яна пагутарыла з работнікамі крамы «Гіпа», дзе было брутальнае затрыманне днём, з супрацоўнікамі міліцыі ў ачапленні, камунальнымі службамі. Прыкладна ў 21:23 яе затрымалі супрацоўнікі АМАПа, у пратаколе пазначаны іншы час. Міліцыянт у масцы і са змененым імем кажа, што Альгерчык стаяла сярод мітынгоўцаў, у якіх былі бел-чырвона-белыя сцягі, піша Tut.by.

Tut.by

Юлія Альгерчык віну не прызнае. Кажа, што прыбыла ў раён Чарвякова па заданні рэдакцыі, каб паглядзець, што адбываецца ў раёне пасля брутальных затрыманняў. Спачатку Юлія пагутарыла з работнікамі крамы «Гіпа», дзе сілавікі затрымлівалі людзей днём. Пасля гэтага накіравалася да плошчы Перамен, дзе працавалі толькі сілавікі і камунальныя службы. Разам з Юліяй была яе 15-гадовая дачка.

— Я была дзяжурным журналістам у той дзень. І ведала, што ў той час ужо ніякага мітынгу там няма, — тлумачыць Юлія. — Таму я ўзяла з сабой дачку, пасля мы павінны былі заехаць разам у краму.

Па пратаколе Юлія ўдзельнічала ў пікеце з 20:20 да 20:30, аднак у суд прадстаўлены чэк з кавярні, дзе ў 20:46 Юлія з дачкой купілі дзве кавы і дэсерт. Акрамя таго, суду прадстаўлена відэаназіранне з бліжэйшых дамоў, дзе таксама відаць, што ў паказаны час ніякіх акцый пратэстаў, у тым ліку са сцягамі, не праходзіла. У пратаколе ёсць адзнака ад Альгерчык: «Хачу дадаць уласнаручна, што я была затрыманая ў 20:30».

Юлія патлумачыла ў судзе, што ўнесці такую адзнаку ёй параіў інспектар ІСН, які апытваў яе, паколькі ў РУУС пасля затрымання даставілі і яе дачку.

— Гэтая адзнака не адпавядае рэчаіснасці, мяне ўвёў у зман інспектар ІСН. Калі знаходзішся ў разгубленасці, не дай бог пабываць у такіх умовах, — заявіла журналіст.

Тлумачэнні ў судзе дае супрацоўнік РУУС Цэнтральнага раёна Іваноў Іван Іванавіч, гэта выдуманае імя. Аднак у судзе прагучаў нумар яго нагруднага знака — П 62167. Таксама міліцыянт паведаміў суду свой рост — 190 см.

Так званы Іваноў настойвае, што ён не памыліўся, менавіта Альгерчык парушыла закон у раёне плошчы Перамен. Не ўсе абставіны міліцыянт памятае, кажа, «кожны дзень нясём службу, шмат падзей».

— Амапаўцы, калі затрымлівалі нас, сказалі, што афіцэр разбярэцца ў РУУС, — звяртаецца Юлія да сведкі. — Я дзіця супакойвала. А потым мы ў РУУС сфатаграфавалі пратакол, у якім пазначана, што я брала ўдзел у пікеце, якога насамрэч не было. І маё дзіця спытала: «Як так?» Яна ж усё бачыла. Дзіця, у якога цяпер фармуецца меркаванне аб сілавіках, судах. І вы можаце казаць, што я ўдзельнічала ў пікеце? Як вам не сорамна? Закрываеце твар маскай.

Суддзя ўдакладніла, чаму Юлія была без журналісцкага бэйджа пры затрыманні.

— Апошнія два месяцы на журналістаў вядзецца паляванне — патлумачыла Юлія. — Гэта ў мяне дзіця непаўнагадовае, у горшым выпадку мне могуць даць штраф. А мае цяпер сядзяць на Акрэсціна, у Магілёве і Жодзіне. Пазначаць сябе на акцыі — рызыкаваць сваім здароўем. Амапаўцам пустая справа нешта даказваць, яшчэ палкай па спіне дадуць.

У выніку справу адправілі на дапрацоўку.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?