Плакаты на «плошчы Перамен». Архіўнае фота
Выраз «беларус беларусу беларус» пачаў атрымліваць пазітыўную афарбоўку. Вось вам для прыкладу кароткая гісторыя, піша ў фэйсбуку Віктар Контар.
У Варшаве з аэрапорту замовіў убер, але праблема ў тым, што машына можа прыехаць толькі ў зону вылету, а я стаю на паверх ніжэй, наверх падняцца складана, бо цяпер з-за кароны разводзяць плыні людзей…
Кіроўца прыехаў, у профілі напісана, што кіроўца Dzmitry, бачу Dz — думаю, што напэўна беларус, можа пачакае, пакуль я дабяруся да яго. У выніку знаходжу патрэбную лесвіцу.
Падымаюся, а кіроўца чакае. Прашу прабачэння, што чакаў так доўга, а ён кажа, што ўбачыў маё імя ў уберы Viktar праз А, падумаў, што свой, беларус, буду чакаць. Калі б не беларус быў, то не чакаў бы так доўга.
Кажа, што цяпер як ніколі беларусы павінны падтрымліваць адно аднаго.