Штогод не адна тысяча наведнікаў Слуцкага гісторыка‑краязнаўчага музею спыняецца ля дыярамы «Бой ля вёскі Пераходы», на якой мінскі мастак Л.Асядоўскі адлюстраваў адзін з найболей удалых, як лічыцца, баёў партызанскай брыгады імя Фрунзе 19 красавіка 1944 г.

Што мы бачым на той дыяраме? На дарозе яркім полымем гарыць нямецкі грузавік, ляжаць трупамі нямецкія салдаты ў касках, а вакол іх з аўтаматамі ППШ вядуць агонь партызаны. На заднім плане ахопленая полымем вёска Пераходы, якую, як сведчыць кніга «Памяць» Слуцкага раёну, карнікі спалілі разам з жыхарамі 23 лютага 1943 году.

…14‑гадовы Рыгор у тым баі не ўдзельнічаў: камандзір не дазволіў. А бацька, камісар атраду, пасля бою паведаў яму сам‑насам цікавыя факты. Калі партызаны кінуліся ў контратаку, натыкнуўся на двух салдатаў у шэрай форме, якія ляжалі за кулямётам.

Адзін з іх, мужчына сярэдніх гадоў, закрычаў немым голасам камісару: «Братачка, не страляй, нас немцы мабілізавалі. Мы не паліцаі, мы бэкоўцы, я па вас не страляў!»

Ад сакавіка 1944 немцы, прадбачачы непазбежны адыход на Захад, сталі арганізоўваць Беларускую краёвую абарону для барацьбы з партызанамі. Пачалі прымусовую мабілізацыю мужчынаў сярэдняга ўзросту, нават сямейных, дзеля чаго праводзіліся і начныя аблавы на вёсках. З нашай вёскі туды зацуглялі двух мужчынаў, з суседніх — таксама.

Такіх «бэкоўцаў» у казармах на тэрыторыі 14‑га вайсковага гарадку на ўскраіне Слуцку набралі звыш 500 чалавек. Хутчэй за ўсё з імі і сутыкнуліся партызаны ля Пераходаў. Ці не таму яны страцілі толькі аднаго чалавека і не мелі ніводнага параненага?

Міхась Тычына, Слуцк

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0