Тацяна Бумажкова, фота Юліі Дарашкевіч.

Тацяна Бумажкова, фота Юліі Дарашкевіч.

З Таццянай Бумажковай, дачкой знанага партызанскага камбрыга і аўтаркай гучнага ліста Лукашэнку, гутарыць Наталка Бабіна.

Таццяна Бумажкова: Памяць пра бацьку для мяне святая. А тое, што адбылося з ягоным домам у Капылі — гэта абраза яго памяці. Пры тым праслаўляецца памяць такіх энкавэдзістаў, як Ваўпшасаў, Шмыроў.

Наталка Бабіна: Няўжо Вы думаеце, што Ваша крытыка дапаможа вырашыць пытанне з домам, які разбураецца з‑за чыноўніцкай халатнасці?

ТБ: Я напісала адкрыты ліст якраз тады, калі зразумела, што не дапаможа. І напісала ў канцы: прынамсі цяпер Лукашэнка не скажа, што ён «не ведаў». Тое, што адбываецца ў краіне — жахліва. Калі за мяжой кажаш, што ты з Беларусі, то першая рэакцыя: «А, кантрабанда зброі!» Краіна мае такую рэпутацыю!

НБ: Вашы погляды так радыкальна памяняліся. Вас памятаюць як аўтара артыкулаў, у якіх на пачатку 1990‑х Вы бескампрамісна выказваліся супраць дэмакратыі і незалежнасці («Бар’еры палітычнай слепаты»), памятаюць Вас як рэдактара газеты «Славянские Ведомости»…

ТБ: Я ніколі не выступала супраць дэмакратыі і незалежнасці. Я папярэджвала пра тое, што тагачасныя метады БНФ могуць прывесці да крывавых падзеяў. Думаю, калі б я сёння сустрэлася з Быкавым, мы з ім зразумелі б адно аднаго… Тады я бачыла ў яго ўчынках расхістванне сістэмы. Тады мне здавалася гэта недапушчальным… Мне здавалася, што яны вядуць да сутыкнення людзей ілбамі, жадаюць крыві. Памылка дзеячоў адраджэння была ў тым, што яны мала пісалі, мала прапагандавалі свае погляды, не адказвалі ярка і запамінальна.

У пачатку 1990‑х я з камсамольскім імпэтам стала выдаваць газету «Славянские Ведомости». Але хутка сама ж яе і зачыніла. Бо калі пайшла інфармацыя, раней закрытая, у мяне валасы ўсталі дыба! Мы ж былі ўпэўненыя, што савецкая ўлада маральная. Так, ёсць асобныя недахопы, але ў цэлым гэта справядлівы лад. І тут я зразумела, што гэта не так. Ілгаць чытачам не хацела. Балюча было разумець, што наўмысна цябе зрабілі сляпым, дурным…

А ўвогуле, я заўсёды пісала так, як бачыла, як ведала. Працуючы ў «Сельской газете», я першай напісала, што праўду пра Чарнобыль ад нас хаваюць. Я пісала пра гучную «норкавую справу» — а за гэту тэму баяліся брацца журналісты.

НБ: Якіх дзеянняў Вы зараз чакаеце ад улады?

ТБ: Я хацела паказаць людзям: гэты выпадак стаіць у шэрагу іншых такіх самых, калі людзей абражаюць беспакарана, калі крадуць ад нізу да верху, ад нізу да верху ілгуць. Калі б людзі ведалі, чым пагражаюць Беларусі саюзы з Расіяй, хіба яны дазволілі б уступаць у іх? Калі б была свабода інфармацыі, людзі б задавалі ўладзе вельмі непрыемныя пытанні. У кожнага чалавека ёсць натуральнае пачуццё справядлівасці, якое ўлада спрабуе заглушыць. Я буду працягваць задаваць пытанні.

Я мару стварыць грамадскі рух, які б займаўся менавіта тым, каб дапамагаць людзям аднаўляць сваю годнасць, якая ва ўмовах нашай краіны топчацца пастаянна — прычым на грошы налогаплацельшчыкаў, грамадзянаў. У якой яшчэ краіне свету магчыма, каб паліцэйскі ўдарыў кулаком па твары жанчыну і застаўся пры пасадзе, як гэта дабылося, калі амапавец ударыў Святлану Завадскую? Гэта ж жах!

Я патрабую толькі таго, што ў любой краіне з’яўляецца нормай. Я жыла і працавала за межамі Беларусі, але цяпер вярнулася спецыяльна для таго, каб давесці да канца справу з бацькавым домам і таптаннем ягонай памяці.

Гутарыла Наталка Бабіна

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0