У Беларусі распрацаваны законапраект аб унясенні зменаў у выбарчае заканадаўства.
Пра гэта БелаПАН паведаміў дырэктар Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Валерый Міцкевіч.
Паводле яго слоў, законапраект цяпер знаходзіцца на ўзгадненні ў зацікаўленых ведамствах, і яго палажэнні могуць карэктавацца.
Пры гэтым В.Міцкевіч адмовіўся канкрэтызаваць магчымыя змены ў выбарчае заканадаўства. Пра іх можна будзе казаць, калі «ўзгоднены дакумент будзе на выхадзе», сказаў ён.
В.Міцкевіч паведаміў, што
пры рабоце над праектам «улічваюцца розныя меркаванні, у тым ліку і пажаданні АБСЕ, выказаныя па выніках парламенцкіх выбараў 2008 года».
Змены ў выбарчае заканадаўства падрыхтавала рабочая экспертная група. Рашэнне пра яе стварэнне было прынята 22 студзеня ў Мінску на сустрэчы прадстаўнікоў Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў з дырэктарам Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ Янезам Лянарчычам. Кіраўніком экспертнай групы з’яўляецца Валерый Міцкевіч.
Першы раунд кансультацый па пытаннях удасканалення выбарчага заканадаўства Беларусі паміж прадстаўнікамі ўлады і экспертамі БДІПЧ АБСЕ прайшоў у Мінску ў лютым, другі — у канцы сакавіка ў Варшаве.