Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі быў пабудаваны па фундацыі Яна Напалеона Козел‑Паклеўскага ў сярэдзіне 50‑х гадоў ХІХ стагоддзя ў радавым гняздзе Козелаў — Сэрвачы, што на Вялейшчыне.

На хвалі барацьбы з рэлігіяй храм быў перавезены ў вёску Давыдкі і прыстасаваны пад клуб. Пры гэтым цалкам быў захаваны яго выгляд, адно без вежы‑званіцы. Як моладзі стала мала і аціхла клубнае жыццё, будынак выкарыстоўвалі як жытло для прыезджых рабочых, потым як склад, а зараз ён зеўрае на наваколле пустымі ваканіцамі.

Шкада будзе, калі гэты помнік драўлянага дойлідства ператворыцца ў мясцовы від паліва для сельсавету ці школы. Тым больш, што не такія ўжо вялікія выдаткі трэба, каб перавезці яго ды сабраць на старым намоленым месцы ў Сэрвачы. А там ён разам з гаспадарчымі будынкамі сядзібы Козелаў і іх радавой капліцай‑пахавальняй можа скласці цікавую кропку на турыстычнай мапе Вялейшчыны. Тым больш, што мясцовыя жыхары дагэтуль памятаюць пра свой касцёл, што гібее ў Давыдках.

Вячка Васілёнак, Менск

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0