Ілюстрацыйнае фота

23 лістапада ў Пружанах абвясцілі прысуд салдату тэрміновай службы, які абвінавачваўся ў прычыненні смерці па неасцярожнасці, паведамляе Tut.by.

Здарэнне адбылося ў красавіку. Салдаты паехалі на вучэнні ў лес каля вёскі Заполле (Пружанскі раён). Малады чалавек вырашыў ссекчы дрэва, каб нарыхтаваць дроў для абагравання. Хоць камандзіры забаранілі гэта рабіць.

У прысутнасці калегаў узяўся за 20-метровае дрэва. Ствол упаў на аднаго з іх. Ад атрыманых пашкоджанняў пацярпелы памёр на месцы.

Абвінавачаны віну прызнаў цалкам, раскаяўся і пакрыў нанесеную шкоду.

Суд прызнаў яго вінаватым у прычыненні смерці па неасцярожнасці і прызначыў 1 год і 6 месяцаў абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу. Тэрмін пакарання яму скарацілі на адзін год па амністыі.

Прысуд не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.