Аварыя адбылася ўвечары 21 лістапада на тэрыторыі Дрыбінскага раёна.

«37-гадовая жыхарка вёскі Міхееўка, рухаючыся на аўтамабілі Mitsubishi здзейсніла наезд на 61-гадовую жыхарку вёскі Русенка, якая рухалася па цэнтры праезнай часткі дарогі. У выніку ДТЗ жанчына атрымала траўмы, ад якіх памерла на месцы здарэння. Нягледзячы на цёмны час сутак, у пешахода адсутнічалі святлоадбівальныя элементы», — паведаміла міліцыя Магілёўскай вобласці.

Пазней стала вядома, што кіравала аўтамабілем Ларыса Крывіцкая, намесніца старшыні Горацкага райвыканкама.

«Наша Ніва» звязалася з чыноўніцай. Яна пацвердзіла, што была за рулём. Цяпер Следчы камітэт завёў крымінальную справу па факце здарэння. Ларыса Крывіцкая праходзіць як падазраваная — яна на волі, але пад падпіскай.

Ананімныя тэлеграм-каналы адразу абвінавацілі чыноўніцу, што яна была за рулём нападпітку.

«Я не ўжываю алкаголю увогуле. Апошні месяц я нават квасу не піла. І ўсе экспертызы паказалі ў мяне нуль праміле», — адказала Крывіцкая.

Таксама чыноўніца звяртае ўвагу на пашкоджанні машыны.

«З якога боку рухаўся пешаход, калі ўдар быў з боку кіроўцы? Жанчына проста стаяла на праезнай частцы.

Цяпер следства вядзецца. Будзе яшчэ следчы эксперымент, які будзе высвятляць, ці магла я ўбачыць гэтую жанчыну, — кажа Ларыса Крывіцкая.

— Усе мы ходзім пад Богам. І барані Божа камусьці апынуцца на маім месцы! Гэта проста справа выпадку, абсалютна. У гэты дзень адбылося яшчэ некалькі ДТЗ, але рэзананс набыло толькі маё здарэнне. Чаму?

Я нікому не зычу апынуцца на маім месцы. Хай усе дарогі будуць без такіх няўважлівых бабуль на дарозе. Я нікому не зычу зла, таму будзьце ўважлівыя на дарогах, беражыце сябе і сваіх блізкіх».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?