У аўторак старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава правяла нараду, на якой прысутнічаў міністр адукацыі Ігар Карпенка, а таксама кіраўнік БПЦ, мітрапаліт Веніямін, піша БелТА.

Ігар Карпенка, напрыклад, адзначыў, што паміж БПЦ і Міністэрствам адукацыі склалася традыцыйнае ўзаемадзеянне.

«Падпісаны адпаведны дагавор, створаны каардынацыйны савет па ўзаемадзеянні. Мы рэгулярна праводзім яго пасяджэнні. У гэтай рабоце асаблівую ўвагу надаём пытанням духоўна-маральнага выхавання падрастаючага пакалення. Сёння ў школах ужо ўкаранілі факультатыўныя курсы «Асновы праваслаўнай культуры» з 1 па 8 клас. Цяпер на экспертызе знаходзіцца адпаведная праграма для старшакласнікаў. Гэта таксама будзе факультатыў на выбар», — расказаў ён.

Міністр адукацыі падкрэсліў, што ёсць дамоўленасць з мітрапалітам перыядычна сустракацца і абмяркоўваць пытанні ўзаемадзеяння. «Вось узнікла неабходнасць на ўзроўні Савета Рэспублікі сёння сустрэцца, агучыць нашы ініцыятывы. Калі яны будуць падтрыманы, то ў далейшым, вядома, будуць рэалізаваны ў рамках тых дамоўленасцяў, якія ёсць паміж БПЦ і Міністэрствам адукацыі», — растлумачыў міністр.

«У нас ёсць пэўныя намёткі на будучыню. Але калі прайшла сустрэча ў Аляксандра Рыгоравіча, мы ўбачылі, што можна яшчэ больш зрабіць», — дадаў мітрапаліт Веніямін.

— Доўгі час у нашым грамадстве фарміравалася такое разуменне, што малады чалавек павінен быць паспяховы, каб ён добра вучыўся, набываў пэўныя веды, займаўся спортам, музыкай і гэтак далей. Урэшце паступаў у прэстыжную ВНУ, атрымліваў спецыяльнасць, меў добры заработак і павагу ў грамадстве. Вось гэта ўсё складалася ў паняцце «паспяховасць». Але з часам аказалася, што гэтага недастаткова. З аднаго боку, для таго, каб быць шчаслівым і дасягнуць мэты свайго жыцця. З другога боку, калі людзі арыентуюцца толькі на гэту мэту, яны неяк больш сканцэнтраваны на сабе, на сваім выніку і не заўсёды заўважаюць сваіх блізкіх, іншых людзей.

Каб выхоўвалася духоўна развітая моладзь, несумненна, трэба крыху змяніць і гэта пытанне. Зразумела, што маладым людзям трэба атрымліваць добрую адукацыю. Але разам з тым важна, каб яны любілі Радзіму».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0