Апошнія месяцы пашырыліся выпадкі блакавання руху чыгуначнага транспарту шляхам накладання металічнага дроту на рэйкі і псавання сігналізацыі. 

Прэс-сакратарка МУС Беларусі Вольга Чамаданава ў афіцыйным тэлеграм-канале pressmvd паведаміла пра затрыманне групы, датычнай да злачынстваў супраць грамадскай бяспекі. Пра тое, як развіваецца справа, піша «Вясна». 

На некалькіх мужчын і жанчыну з Брэста (усім ад 26 да 38 гадоў) выйшлі аператыўнікі крымінальнага вышуку абласной міліцыі. Усіх затрымалі 11 лістапада з дапамогай АМАПа.

Кампанія падазраецца ў тым, што незаконна ўмяшалася ў функцыянаванне сістэм, якія забяспечваюць бяспеку руху чыгуначнага транспарту, разбіла шыбу ў «апорцы», падпаліла шыны на дарозе і развесіла вялікія лялькі міліцыянтаў з асуджэннем рэпрэсій у краіне.

Раней паведамлялася, што пудзілы з надпісамі «АМАП», «мент» і «хлус» з'явіліся ў абласным цэнтры: павесілі іх на дрэвах і агароджы пуцеправода «Заходні абход».

Таксама 29 кастрычніка на перагоне паблізу станцыі «Тэўлі» (Кобрынскі раён) зламыснікі заблакавалі металічным дротам аўтаматызаваную сістэму кіравання і кантролю рухам цягнікоў. Гэта выклікала затрымку саставаў і збой графіка.

Пасля гэтага, ноччу 8 і 9 лістапада, затрыманыя, мяркуе следства, спачатку падпалілі на праезнай частцы аўтамабільныя пакрышкі, затым камянямі разбілі шыбу ў гарадскім апорным пункце аховы правапарадку.

24 лістапада агучаная інфармацыя Следчага камітэта, што ў межах крымінальнай справы былі затрыманыя дзевяць чалавек, да пяці з іх у цяперашні час выкарыстаная мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту, двум выстаўленае абвінавачванне па ч. 2 арт. 339 КК (Злоснае хуліганства, учыненае паўторна, групай асоб).

«Асобы астатніх удзельнікаў вызначаюцца, — адзначылі ў СК. — Следчыя працуюць з фігурантамі, вывучаецца іх асабістая перапіска і змесціва мабільных тэлефонаў. Прызначаныя шэраг экспертных даследаванняў па канфіскаваных на месцы здарэння і падчас ператрусаў прадметах і аб'ектах. Таксама следчымі ўстаноўлена дачыненне кампаніі да іншых эпізодаў супрацьпраўнай дзейнасці. Расследаванне крымінальнай справы працягваецца».

Што вядома на гэты час праваабаронцам?

11 лістапада а 5 гадзіне раніцы да работніка чыгункі з Берасця Яўгена Комвуля прыйшлі з ператрусам, падчас якога забралі грошы, камп'ютары, тэлефоны і флэшкі. Чыгуначніка першапачаткова затрымалі ў межах крымінальнай справы і даставілі ў Ленінскае РАУС.

Раніцай 12 лістапада супрацоўнікі міліцыі ў межах крымінальнай справы нібыта за псаванне сігналізацыі на чыгунцы прыйшлі з ператрусам да Аляксандра Булыгі. У пастанове аб правядзенні ператрусу няправільна было ўказана імя па бацьку, таму ператрус не правялі да выпраўлення памылкі ў пастанове.

Сам Булыга затрыманы на 72 гадзіны і змешчаны ў ІЧУ Берасця.

Праваабаронцам вядомая інфармацыя пра затрыманне мужа і жонкі Сяргея і Вольгі Сіліч, інваліда па зроку і дыябетыка. Паводле папярэдняй інфармацыі, яны падазраюцца ў псаванні чыгуначнай сігналізацыі па ч. 1 арт 309 КК РБ. Сваякі паведамляюць, што затрыманых болей, мужчын збіваюць, каб далі прызнальныя паказанні.

Берасцейскія праваабаронцы паведамляюць: 

«Затрыманні адбываліся ў жорсткай форме: як распавялі сваякі, мінімум аднаму чалавеку выбілі ломам дзверы ў кватэры і надзелі чорны мех на галаву, як мінімум траіх збівалі — людзі ў чорным падчас або пасля затрымання (адзначым, што пасля затрымання людзі дастаўляліся ў Ленінскае РАУС Берасця). Аднаму з затрыманых дакладна давялося выклікаць хуткую дапамогу.

Падобна, што акрамя фізічнага гвалту на падазраваных аказваўся ціск у іншых формах. Напрыклад, была затрыманая жонка аднаго з падазраваных, у якой дыягнаставаны інсуліназалежны дыябет, а таксама інваліднасць 2-й групы па зроку. Сваякі апісвалі гэта не інакш як «трымаюць у закладніках».

Дробны сабатаж на чыгунцы

Тым не меней, дзеянні грамадзян па блакаванні чыгуначных шляхоў працягваюцца. Некалькі фактаў:

Мужчыны з Радашкавічаў наклалі металічны дрот на чыгунку. Іх злавілі міліцыянеры.

Затрыманыя сказалі, што збіраліся разліць бензін на шляху адыходу, думаючы, што такім чынам змогуць збіць са следу службовага сабаку. Цяпер мужчыны знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрымання.

Следчыя распачалі крымінальную справу за наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць шляхоў зносін.

А 22 лістапада зарэгістраваны факт ілжывай занятасці чыгуначных шляхоў з-за накладання металічнага дроту ў Барысаўскім раёне. Пра гэта паведаміла ў сваім тэлеграм-канале прэс-сакратарка Міністэрства ўнутраных спраў Вольга Чамаданава.

Па яе звестках, у Мінскай вобласці такія факты зафіксаваныя таксама ў Крупскім і Дзяржынскім раёнах. У сувязі з гэтым следчымі органамі распачатыя крымінальныя справы.

Раней паведамлялася пра аналагічныя выпадкі ў Магілёўскай вобласці, а таксама ў ваколіцах Мінска.

У выніку міліцыя цяпер патрулюе чыгуначныя перагоны ў некаторых раёнах краіны.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?