Нацыянальны банк Беларусі не ўводзіў ніякіх дадатковых абмежаванняў на куплю замежнай валюты.

Аб гэтым БелаПАН заявіў прэс-сакратар — начальнік упраўлення інфармацыі галоўнага банка краіны Анатоль Драздоў.

«Ніякіх пастаноў па прычыне абмежаванняў продажу валюты на біржы ці пазабіржавым рынку Нацыянальны банк не прымаў. Лістоў падобнага зместу галоўны банк краіны банкам таксама не рассылаў», — падкрэсліў Драздоў.

Паводле яго слоў, «у вуснай форме» нікому з банкаў таксама ніякай падобнай інфармацыі Нацбанкам не даводзілася.

Агенцтва АФН распаўсюдзіла інфармацыю, у якой сцвярджаецца, што 18 мая беларускія банкі, як дзяржаўныя, так і камерцыйныя, адмовіліся прымаць у сваіх кліентаў заяўкі на куплю замежнай валюты для аплаты імпартных кантрактаў.
Прычым гаворка не ідзе пра авансавыя плацяжы ў замежнай валюце, на правядзенне якіх ужо дзейнічаюць абмежаванні. Сцвярджаецца, што асобныя дзяржбанкі адпраўляюць сваіх кліентаў да мясцовых улад для ўзгаднення заявак на куплю валюты, а банкам рэкамендавана задавальняць заяўкі кліентаў на пазабіржавым рынку за выключэннем аплаты медпрэпаратаў.

Нагадаем, 11 лістапада 2008 года праўленне Нацбанка прыняло пастанову № 165 «Аб парадку ажыццяўлення разлікаў па знешнегандлёвых дамовах, якія прадугледжваюць імпарт». Гэты дакумент, які ўвайшоў у сілу 16 лістапада, значна абмежаваў магчымасці набыцця замежнай валюты, у прыватнасці забараніў куплю замежнай валюты для ажыццяўлення перадаплаты па імпартных кантрактах. Пазней Нацбанк адкарэктаваў гэта дакумент у бок некаторай лібералізацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?