У распараджэнні Tut.by аказаўся адкрыты ліст супрацоўнікаў РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі. Медыкі тлумачаць, чаму яны вырашылі напісаць заявы на звальненне ў знак нязгоды з тым, што ў клініцы змянілі дырэктара. Раней 16 супрацоўнікаў заявілі пра свой сыход. Заяву аб звальненні адной з супрацоўніц ўжо падпісалі — загадчыцы анкагематалагічным аддзяленнем РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі Надзеі Пятроўскай.

Фота: Марына Серабракова, Tut.by.

«Сёння мы, медыцынскія работнікі Цэнтра дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі, хочам публічна агучыць сваю пазіцыю наконт падзей, якія адбываюцца ў нашым цэнтры.

Цяпер нас, як і многіх іншых у краіне, пазбаўляюць права мець уласнае меркаванне і адкрыта яго выказваць, не асцерагаючыся за ўласную бяспеку.

Намі маніпулююць, заклікаючы да нашай адказнасці перад хворымі дзецьмі (пацыентамі), неаднаразова заяўляючы пра тое, што медык у нашай краіне не мае права на страйк, на ўдзел у мітынгах і пікетах, зносіны са СМІ і нават на выказванне сваіх думак у сацыяльных сетках. Наша актыўнасць трактуецца сістэмай як спосаб атрымаць «пуцёўку ў ЕС», задавальненне палітычных амбіцыяў, адсутнасць пачуцця абавязку і непрафесіяналізм.

Паверце, кожнаму з нас было вельмі цяжка зрабіць крок па сваіх персанальным прычынах і вырашыцца на звальненне. Але складаней за ўсё гэта зрабіць з-за прафесійнага абавязку перад пацыентамі (гэта дзеці з анкагематалагічнай паталогіяй).

Нам, як і ўсім людзям, якія маюць сэрца, цяжка працаваць, усведамляючы няспынны ў краіне гвалт. Сваю пазіцыю наконт гэтага мы неаднаразова агучвалі ў відэазвароце і лістах, адрасаваных у Міністэрства аховы здароўя.

Практычна немагчыма стала працаваць, калі некаторыя з нашых калег пацярпелі непасрэдна за сваю грамадзянскую пазіцыю: былі затрыманыя і прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці. Мы сутыкнуліся з адсутнасцю падтрымкі з боку прафсаюза медыцынскіх работнікаў і прафесійных таварыстваў. Па нашай інфармацыі, Міністэрства аховы здароўя настойліва рэкамендавала дырэктару цэнтра звальняць актывістаў і «супрацоўнікаў з 23.34».

Апошняй кропляй стала змена кіраўніцтва цэнтра і прызначэнне новага дырэктара без вопыту работы ў анкалогіі. Цэнтр дзіцячай анкалогіі — гэта асаблівая ўстанова. Дырэктар тут ніколі не выконваў толькі адміністрацыйную ролю. Гэта ў першую чаргу асноўны член дыягнастычнай, навуковай і лячэбнай каманды, куратар лячэбных пратаколаў і навуковых праектаў, актыўны ўдзельнік кансіліумаў, камісій па рашэнні жыццёва важных пытанняў у дачыненні да пацыентаў анкагематалагічнага профілю. Поспех тэрапіі залежыць ад зладжанай працы калектыву, прафесіяналізму кожнага супрацоўніка і ў першую чаргу ад экспертнага меркавання кіраўніка. За дырэктарам заўсёды заставалася апошняе слова на кансіліумах па самых складаных пацыентах і адказнасць за прынятае рашэнне.

На сёння мы выкарыстоўвалі ўсе магчымыя механізмы данясення нашай пазіцыі да сістэмы, і рашэнне аб звальненні для многіх — адзіны спосаб выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю. У нас не засталося ілюзій пра значнасць сваёй ролі як спецыялістаў.

Мы з аптымізмам глядзім у будучыню! Спадзяёмся, што нашы дзеянні будуць спрыяць больш хуткаму аднаўленню справядлівасці, гуманістычных прынцыпаў, дэмакратычных свабодаў і росквіту нашай краіны!»

Нагадаем, 23 лістапада ў РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі прадставілі новага дырэктара. Частка калектыву напісала заявы на звальненне.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?