19 траўня ў Менску адкрылася V Міжнародная выстава ўзбраення і ваеннай тэхнікі Milex-2009. У ёй бяруць удзел 145 экспанентаў з васьмі краін, у тым ліку Беларусі, Расіі, Украіны, Арменіі.

На асобным стэндзе працуюць прадстаўнікі ўсіх дзяржаў — членаў Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы. Выстава размясцілася на плошчы прыкладна 6 тыс. кв. метраў.

Адкрываючы Milex-2009, прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі зазначыў, што

«выстава можа лічыцца візітнай карткай абароннай прамысловасці краіны і заклікана адыграць значную ролю ў інфармаванні грамадскасці аб магчымасцях абароннага комплексу».

Паводле яго слоў, мэта выставы — дэманстрацыя перадавых дасягненняў Беларусі ў галіне распрацоўкі, вытворчасці, рамонту і мадэрнізацыі ваеннай тэхнікі. Прадстаўленыя ўзбраенні, ваенная і спецыяльная тэхніка створаныя на аснове новых інфармацыйных і тэлекамунікацыйных тэхналогій, зазначыў прэм'ер.

Паводле слоў Сідорскага, упершыню на выставе дэманструюцца беларускія ўзоры праграмна-апаратных комплексаў і апаратуры для перадачы даных, сродкі радыёэлектроннай разведкі і радыёэлектроннай барацьбы.

Дзяржсакратар АДКБ Мікалай Бардзюжа ў сваёй прамове зазначыў, што «ўзаемадзеянне дзяржаў — членаў арганізацыі ў галіне ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва аб'ектыўна носіць характар цеснага партнёрства і адпавядае іх інтарэсам».

У цырымоніі адкрыцця выставы таксама ўзялі ўдзел дзяржсакратар Савета бяспекі Беларусі Юрый Жадобін, кіраўнікі беларускіх органаў дзяржкіравання, дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі Павел Барадзін, а таксама прадстаўнікі замежных дэлегацый. Дэлегацыю Украіны і Судана ўзначальваюць міністры абароны, Кітая — начальнік галоўнага ўпраўлення ўзбраення і ваеннай тэхнікі НВАК, Азербайджана і ААЭ — начальнікі генеральных штабоў, Ірана, Таджыкістана, Турцыі — намеснікі міністраў абароны. На адкрыцці таксама прысутнічалі прадстаўнікі ваенных ведамстваў Інданезіі, Лівіі, Малайзіі, Амана, Перу, Сірыі і шэрагу іншых дзяржаў.

Усяго выставу плануюць наведаць афіцыйныя дэлегацыі 26 краін.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0