Фота з фэйсбука

Справа 25-гадовай жыхаркі Брэста Марыны Глазавай, якая абвінавачваецца па ч. 1 арт. 342 (Арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяннях) за падзеі 13 верасня, перададзена ў суд. Пра гэта «Брэсцкай газеце» паведамілі яе сваякі.

«Мы не ведаем, калі адбудзецца суд. Ён можа прайсці ў лістападзе, снежні ці нават у студзені», — распавяла сям'я дзяўчыны.

Раней карыстальнікі сацыяльных сетак звярнулі ўвагу, што лісты, якія яны адпраўлялі Марыне, вярнуліся назад. Сваякі кажуць, што дзяўчыне ўвялі абмежаванне на перапіску, але яно не тычыцца членаў сям'і.

Нагадаем, удзень 13 верасня ў Брэсце праходзіла маштабная акцыя пратэсту, якая скончылася карагодамі на скрыжаванні бульвара Касманаўтаў і праспекта Машэрава і наступным разгонам пратэстоўцаў вадамётам. Праз два дні УСК па Брэсцкай вобласці распачала крымінальную справу аб масавых беспарадках.

Марыну Глазаву затрымалі дома раніцай 23 верасня і з тых часоў яна знаходзіцца ў СІЗА. 7 кастрычніка беларускія праваабаронцы прызналі Марыну палітычнай зняволенай.

Пазней праваабаронцы паведамілі, што з 24 лістапада Марыну перавялі пад хатні арышт.