У судзе Фрунзенскага раёна разгледзелі крымінальную справу ў дачыненні да студэнта. Хлопец напісаў на стэндзе пад'езда па вуліцы Скрыпнікава абразлівыя надпісы, «якія змяшчалі негатыўную ацэнку» камандзіра сталічнага АМАПа Дзмітрыя Балабы. Сёння суд вынес рашэнне, паведамляе Tut.by.

19-гадовага студэнта сталічнай ВНУ Іллю абвінавачвалі паводле арт. 369 КК — «Абраза прадстаўніка ўлады».

Суддзя Андрэй Млечка вырашыў прызнаць студэнта вінаватым у публічнай абразе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў. Іллі прызначылі пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін 1 год 6 месяцаў з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу.

Пазоў Балабы на 1000 рублёў задаволілі.

***

Нагадаем, 26 верасня студэнт Ілля сустрэўся з сябрамі, яны вырашылі паглядзець, што адбываецца ў двары на Скрыпнікава: там з'явіліся надпісы на фасадзе дома, дзе жыве камандзір сталічнага АМАПа Дзмітрый Балаба, а яшчэ хтосьці пашкодзіў яго машыну.

Ілля вырашыў «пакінуць сваё пасланне» на аб'яве, якая вісела на інфармацыйным стэндзе каля пад'езда.

На судзе зачыталі паказанні Балабы, паводле яго слоў, ён нават не заўважыў надпіс, дадому яму патэлефанавалі супрацоўнікі міліцыі і ўсё распавялі, хлопцаў да таго моманту затрымалі. Пасля яны правялі ноч у РУУС і адседзелі 15 сутак — хлопцам паставілі артыкул 23.4.

У РУУС хлопцы папрасілі прабачэння публічна, на судзе Ілля сказаў, што раскайваецца, віну прызнае і абяцае, што такога больш не паўторыцца.

Праз дзяржабвінаваўцу Балаба высунуў грамадзянскі пазоў: надпісы нанеслі яму маральныя пакуты, парушылі яго асабістыя немаёмасныя правы, у сувязі з чым ён прасіў пакрыць яму шкоду ў выглядзе тысячы рублёў.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?