Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Сяргеем Лаўровым у Мінску. 26 лістапада 2020 года. Скрыншот з відэа

Кіраўнік МЗС Расіі Сяргей Лаўроў у чацвер на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у Мінску заявіў, што расійскі бок — прыхільнік дамоўленасцяў, дасягнутых у ходзе саміту 14 верасня ў Сочы, паведамляе ТАСС.

«У нас цалкам супадае зацікаўленасць ва ўмацаванні адносін. Можна гэта па-рознаму называць, але ў нас тая ж самая мэта — прасоўвацца да ўзаемнай выгады нашых народаў, нашых краін і нашай Саюзнай дзяржавы», — дадаў міністар.

Лаўроў таксама заявіў, што Масква гатовая падтрымаць Лукашэнку ў рэалізацыі вылучаных ім ініцыятыў, якія датычаць беларускага грамадства.

«Вы выступілі з цэлым шэрагам ініцыятыў, якія, я лічу, вельмі важныя для беларускага грамадства, — сказаў міністр. — Як прэзідэнт Пуцін не раз падкрэсліваў, мы зацікаўленыя ў тым, каб гэтыя ініцыятывы адбыліся. Калі нешта можам зрабіць у іх падтрымку, мы заўсёды адкрытыя для гэтага».

Таксама Лаўроў заявіў, што краіны Захаду варожа ставяцца да Расіі і Беларусі і спрабуюць уплываць на іх унутраныя справы. Па словах міністра, Расіі і Беларусі ёсць чым абараніць сябе ад дзеянняў Захаду. 

Адносіны Масквы і Мінска моцна палепшалі пасля падзей жніўня 2020-га. Да таго праўладныя СМІ дзвюх краін вялі інфармацыйную вайну, Расія таксама абмяжоўвала пастаўкі тых ці другіх відаў прадукцыі. Але калі масавыя і працяглыя пратэсты стварылі пагрозы змены сістэмы ў Беларусі, Аляксандр Лукашэнка змяніў рыторыку, а Масква прыйшла яму на дапамогу фінансава і інфармацыйна.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?