Пра гэта міністр замежных спраў заявіў сёння журналістам па выніках пасяджэння ў Мінску калегій замежнапалітычных ведамстваў Беларусі і Расіі, піша БелТА.

«Калі справа пойдзе далей такім чынам, што Рада Еўропы будзе без узгаднення з Беларуссю прымаць нейкія рашэнні аб праграмах супрацоўніцтва з нашай краінай, то мы проста спынім любое ўзаемадзеянне з гэтай арганізацыяй», — заявіў Уладзімір Макей.

Таксама на думку міністра, пад выглядам абароны правоў чалавека Захад спрабуе ўмешвацца ў справы Беларусі. 

«Літаральна нядаўна адбылося штогадовае пасяджэнне Стакгольмскай канферэнцыі па бяспецы. І адзін з кіраўнікоў аналітычнай структуры SIPRI (Стакгольмскі Міжнародны інстытут даследаванняў праблем міру), вядомы палітык, калі зайшла гаворка пра Беларусь, выказаўся пра тое, што канцэпцыя гуманітарнай інтэрвенцыі ў краіне правалілася, таму мы павінны шукаць спосабы ўзаемадзеяння з гэтай краінай», — адзначыў Уладзімір Макей.

Ён растлумачыў, што гуманітарная інтэрвенцыя мае на ўвазе ўмяшанне ў справы іншых краін пад выглядам абароны правоў чалавека. Менавіта гэта адбываецца і ў Беларусі. Заходнія партнёры, па словах міністра, дзейнічаюць адпаведна прыдуманай імі рэальнасці.

«Нашы партнёры, на жаль, не жадаюць нават прыслухацца да афіцыйных аргументаў беларускіх уладаў. Гэта адбываецца і ў дачыненні да Расіі, — звярнуў увагу ён. — Мы катэгарычна супраць падобнага роду падыходаў і лічым, што сітуацыя ў любой краіне, у тым ліку і ў Беларусі, павінна ацэньвацца аб'ектыўна. Калі яны хочуць задзейнічаць нейкія знешнія структуры для аказання пасрэдніцкіх намаганняў, мы гатовыя вітаць гэта, але важна, каб гэта было шчыра і нацэлена на ўрэгуляванне сітуацыі, а не на рэалізацыю тых заяў, якія адбываюцца цяпер: трансфер улады, адхіленне дзеючага кіраўніцтва».

Далучэнне Украіны да заходніх санкцый у дачыненні да Беларусі — гэта чарговае несамастойнае рашэнне суседняй краіны, якое дэманструе непаслядоўнасць яе палітыкі. «Мы разглядаем гэта як насмешку над здаровым сэнсам», — падкрэсліў Макей.