Ян Максімюк у сваім блогу піша пра святароў, якія данасілі спецслужбам рэпрэсіўнага рэжыму.

Гэты артыкул я меркаваў напісаць адразу пасьля Вялікадня, але тады падыйшлі іншыя, больш напорыстыя тэмы. А тэма люстрацыі, як здаецца, ужо пачала траціць сваю актуальнасьць для Польшчы, а для Беларусі нейкай выразнай актуальнасьці яна яшчэ не набыла.

На магілах продкаў

Сёлетні велікодны тыдзень я правёў з жонкай і дачкой на Беласточчыне. Як звычайна, мы зьезьдзілі на парафіяльныя могілкі ў Кленіках, каб абладзіць сямейныя магілы. Каторы ўжо раз мая мама паказала нам з жонкай месцы, дзе маюць спачыць пакуль яшчэ жывыя сямейнікі зь яе пакаленьня. Майму пакаленьню каля «старых» сямейных магілаў месца няма. Трэба знайсьці свабоднае месца ў іншым кутку могілак і пачаць вазіць сюды нашых сыноў, каб паказваць ім, дзе МЫ маем ляжаць, — сказаў я жонцы. Але гэтая ідэя не выклікала жончынага энтузіязму. А наша шасьцігадовая дачка Марыля гойсала паміж магілаў, ня надта каб усьведамляючы, дзе мы знаходзімся.

У Беластоку жонка з дачкой і бабцяй хадзілі ў царкву, на велікодныя богаслужэньні. А я не пайшоў. Зламаў традыцыю. Замест таго сядзеў дома і чытаў у адной кніжцы, як цяперашні кіраўнік Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (ПАПЦ), архіяпіскап Сава, быў тайным супрацоўнікам (ТС) камуністычнай Службы бясьпекі (СБ).

ТС «Юрэк»

Кніжку пад назвай «Рэпрэсіўны апарат у Народнай Польшчы 1944‑1989» выдаў Інстытут нацыянальнай памяці, адмысловая ўстанова, у якую пасьля падзеньня камунізму ў Польшчы былі перададзеныя архівы СБ (польскага аналягу савецкаму КГБ). Кніжка прысьвечаная інфільтрацыі меншаснага (рэлігійнага і нацыянальнага) асяродзьдзя ў Польшчы тайнымі супрацоўнікамі СБ.

На больш чым 70 старонках два польскія гісторыкі апісваюць апэрацыю пад крыптанімам «Бізантыя» — галоўнай мэтай якой было ўзяць пад кантроль спэцслужбаў сытуацыю ў ПАПЦ. Іхны артыкул у асноўным прысьвечаны матэрыялам, якія СБ сабрала ў «рабочай папцы» агента «Юрэка». Пад гэтым крыптанімам СБ зарэгістравала ў 1966 годзе — паводле захаваных матэрыялаў, «на прынцыпе добраахвотнасьці» — Міхала Грыцуняка, які ў 1979 стаў япіскапам ПАПЦ, а ў 1998 — мітрапалітам Варшаўскім і ўсяе Польшчы, першагерархам ПАПЦ.

Гэтую кніжку на некалькі месяцаў апярэдзілі артыкулы ў польскай прэсе, у якіх апісвалася агентурная дзейнасьць архіяпіскапа Савы ў камуністычныя часы. Так што кніжка ня сталася вялікай сэнсацыяй. Але яна, як кожны збор дакумэнтаў, робіць вялікае ўражаньне скрупулёзнасьцю запісу кантактаў найважнейшай цяпер асобы ў польскім праваслаўі з камуністычнымі спэцслужбамі на працягу больш чым 20 гадоў.

СБ завэрбавала ТС «Юрэка» ў 1966 годзе, калі 28‑гадовы Міхал Грыцуняк, выпускнік Хрысьціянскай тэалягічнай акадэміі ў Варшаве, стаў кіраўніком канцылярыі тагачаснага мітрапаліта ПАПЦ, Сьцяпана. У 1965 годзе ўлады дазволілі яму выехаць у Югаславію, дзе ў Бялградзкім унівэрсытэце ў 1966 г. ён абараніў кандыдацкую дысэртацыю з багаслоўя. У 1966 г. Міхал Грыцуняк пастрыгся ў манахі, прымаючы імя Сава; у тым самым годзе яго таксама высьвяцілі на сьвятара.

У архівах СБ не захавалася пісьмовае асьведчаньне Савы аб згодзе на супрацоўніцтва з СБ. Гэты факт, відаць, дазволіў мітрапаліту Саву сьцьвярджаць у інтэрвію і ў адмысловай заяве для польскай прэсы ў пачатку гэтага году, што ягонае супрацоўніцтва са спэцслужбамі палягала перш за ўсё на тым, што афіцэры СБ самі набіваліся да яго на сустрэчы, каб гутарыць зь ім аб сытуацыі ў ПАПЦ. Што яны там пісалі потым у справаздачах, даводзіў архіяпіскап Сава польскім журналістам, ён ня ведае. У сэнсе — маглі напісаць што заўгодна.

Але са згаданай кніжкі ўзьнікае зусім іншы вобраз кантактаў архіяпіскапа Савы з СБ. Паводле захаваных дакумэнтаў, гэта ён сам арганізоўваў і прызначаў спатканьні з афіцэрамі спэцслужбы, сам пісаў, падпісваў і пасылаў ім рапарты, справаздачы, характарыстыкі і зацемкі (кажучы агульна, даносы), і гэта ён сам прыймаў ад СБ грашовыя ды іншыя падарункі.

Чаму супрацоўнічаў?

З артыкулу можна выснаваць два ўзаемадапаўняльныя адказы на гэтае пытаньне.

Па‑першае, праваслаўныя ў камуністычнай Польшчы, у адрозьненьне ад католікаў (за якімі стаяў Ватыкан), ня мелі ніякай вонкавай падтрымкі. Непрыхільнай да польскага праваслаўя была ня толькі камуністычная ўлада, але і каталіцкая большасьць насельніцтва. Праваслаўныя герархі ў Польшчы вырашылі, што лепш супрацоўнічаць з камуністамі, чым супраціўляцца ім. Тым больш, што агул праваслаўных вернікаў падтрымліваў камуністычную ўладу, памятаючы пра сваё амаль бяспраўнае становішча ў Польшчы перад ІІ сусьветнай вайной.

Па‑другое, архіяпіскап Сава паўстае на старонках архіву СБ як асоба надзвычай амбітная, што тычыцца ўзмацненьня ролі ПАПЦ у Польшчы і свае асабістае ролі ў Царкве. Ён лічыў, што пры дапамозе СБ яму ўдасца рэфармаваць ПАПЦ і стаць яе мітрапалітам. Таму ён пісаў у СБ адмоўныя характарыстыкі ўсім тым сьвятарам і япіскапам, якіх разглядаў як непрыгодных для эфэктыўнага функцыянаваньня царквы ці проста як супернікаў на месца першагерарха. Архіяпіскап Сава ажно да 1987 году стараўся пры дапамозе сваіх «допісаў» і «справаздачаў» у СБ схіліць гэтую службу, каб яна адправіла мітрапаліта Васіля на пэнсію і каб ён мог заняць ягонае месца. ТС «Юрэк» ня ведаў, аднак, што мітрапаліт Васіль быў таксама завэрбаваны да супрацоўніцтва з СБ як ТС «Владзімеж». Архіяпіскап Сава стаў мітрапалітам ужо пасьля падзеньня камунізму, калі памёр мітрапаліт Васіль.

Я поўнасьцю разумею словы самаапраўданьня, якія прагучалі ў адным з інтэрвію мітрапаліта Савы ў пачатку гэтага году: «Маладое пакаленьне можа адчуваць абурэньне ад усяго гэтага. Я аднак кажу, што трэба было ісьці на кампрамісы, каб уратаваць Царкву. Старэйшыя гэта памятаюць, і яны да гэтага ставяцца з большым разуменьнем. Усім, хто можа адчуваць сябе абуранымі маімі паводзінамі і паводзінамі іншых сьвятароў, кажу як кіраўнік Царквы: прабачце».

Праблема выбару

А што іншае мы можам зрабіць? Калі я распавёў пра зьмест гэтага артыкулу сваёй маме і свайму цесьцю, іхная рэакцыя была якраз такая, на якую разьлічваў мітрапаліт Сава: а ці быў іншы выбар праваслаўным у камуністычнай (і да таго — супэркаталіцкай) Польшчы? Нас жа, Ваня (гэта да мяне), маглі перадушыць голымі рукамі, калі б мы не падпарадкаваліся.

Я разумею, што тады магло ня быць іншага выбару. Хоць лёс Сакрата Яновіча, які стаў супрацоўнічаць з СБ у 1958 г. і перастаў у 1970, сьведчыць якраз аб тым, што выбар усё ж быў. Толькі за такі выбар трэба было заплаціць асабістай кар’ерай і дабрабытам.

А сёньня — ці ёсьць выбар у мітрапалітаў і звычайных сьвятароў?

Вось калі папа рымскі прызначыў арцыбіскупа Станіслава Вельгуса варшаўскім мітрапалітам і калі стала публічна вядома, што Вельгус, паводле захаваных дакумэнтаў, мог супрацоўнічаць з польскай выведкай у 1970‑х, арцыбіскуп сам адмовіўся ад мітрапаліцкага пасаду. Каб, так бы мовіць, ня кідаць ценю на Царкву. Ён зрабіў свой выбар.

Калі стала вядома, што кіраўнік Эвангельска‑аўгсбурскай царквы ў Польшчы, біскуп Януш Ягуцкі, супрацоўнічаў з камуністычнымі спэцслужбамі, сынод гэтай царквы адхіліў яго ад пасады.

Чаму падобнага выбару не зрабіў ні архіяпіскап Сава, ні сынод япіскапаў ПАПЦ? Хапіла ўсяго сказаць «прабачце»?

Мой сябар і калега з Радыё Свабода Кастусь Бандарук быў сакратаром уладыкі Савы ў 1980‑х. Потым іх дарогі разышліся — Кастусь падаўся ў эміграцыю. Нядаўна, вярнуўшыся на Бацькаўшчыну, Кастусь неяк публічна выказаўся на гэтую вось тэму, якую я тут разжоўваю: «Аргумэнт, што гіерархі такім чынам ратавалі Царкву, часткова абгрунтаваны. Толькі я ня ўпэўнены, што гэта трэба было рабіць ажно да такой ступені. Гэта патыхае Юдавымі мэтадамі».

У велікодны чацьвер у праваслаўных храмах Беласточчыны чытаюць «дванаццаць эвангельляў» — пра тое, між іншым, як Юда прадаў Хрыста. Зь дзяцінства гэтая багаслужба стала для мяне, калі можна так сказаць, найвялікшым царкоўным перажываньнем. У гэтым годзе я не пайшоў у царкву ні на «дванаццаць эвангельляў», ні на «вынас плашчаніцы». Гэта, канешне, дзіцячыя паводзіны. Праз год я пайду. Калі «дылема Юды» ў маёй галаве неяк уляжацца і я, магчыма, гляну на яе, так як глядзяць мая мама і мой цесьць. Балазе, сам я ўжо адношу сябе да «старэйшага» пакаленьня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?