Віктар Марціновіч піша на budzma.by пра тое, як дзяржаўная прапаганда тлумачыць захады ўладаў.

Я зразумеў, чаму ў іх нічога не клеіцца з ідэалогіяй і патрыятычным выхаваннем.

Цымус працы дзяржаўнага «вешчуна» ў несвабоднай краіне палягае ў тым, каб патлумачыць, што гэтая краіна — самая добрая і справядлівая ў свеце. Што людзі жывуць вольна і заможна, але самі гэтага не разумеюць. Што нават калі ёсць перагібы, ладзяцца яны на шчасце ўсіх грамадзян і толькі з радыкальнымі ворагамі краіны.

Ці былі «звычайныя людзі» пры Сталіне затэрарызаванымі ўвесь час? Ці распавядалі пра лютасць дзяржавы кінафільмы і песні той эпохі? Паслухайце «Летят перелётные птицы» — песню пра любоў да савецкай айчыны, што выпраменьвае аптымізм і гонар за «родную навеки страну». Словы гэтай песні былі напісаныя Міхаілам Ісакоўскім у 1948 годзе, калі Аляксандр Салжаніцын абсалютна ні за што «чаліўся» ў арыштанцкай шарашцы ў Марфіне, а Ларыса Геніюш чакала ў Мінску прысуду да 25 гадоў катаргі. Паглядзіце «Вясёлыя рабяты» (1934-ы), «Волга-Волга» (страшны 1938-ы год), «Трактарысты» (не менш страшны 1939-ы). Усе яны пра тое, як цудоўна жывецца ў краіне рабочых і сялян.

Я ўважліва азнаёміўся з тым, як дзяржаўная прапаганда патлумачыла забойства Рамана Бандарэнкі. Пасля таго як мінімум два мільёны жыхароў краіны праслухалі цікавыя гуказапісы, якія вельмі ж вымагалі тлумачэння (і было абяцана, што тыя тлумачэнні з’явяцца на гэтым тыдні, і вось, з’явіліся).

Азаронак выпусціў «расследаванне» пра смерць Рамана Бандарэнкі. Што з ім не так?

Адзіны сутнасны складнік прапагандысцкага сюжэту пра забойства палягае ў тым, што родных забітага адкрыта праслухоўвалі. Прапаганда не азадачылася тлумачэннем, за што і хто забіў Рамана, абазначыўшы здарэнне як «п’яную бойку» — хаця менавіта тут трэба было спыніцца і патлумачыць, хто біўся з кім, бо на папярэдніх відэа відаць не бойка, а збіццё, і папярэдне апублікаваныя дакументы не дазваляюць казаць пра тое, што ахвяра была «п’янай».

Дык вось, гэтая манера выбудоўваць аргументацыю праз праслухоўку кажа ўсім, хто зацікавіўся тэмай: мы вас слухаем; мы ўсіх слухаем; калі будзеце выпінацца — праслухаем і вас. І пакажам пад каментары чэла з алавянымі вачыма, і вам будзе страшна, што вы не баяліся нас.

Калі хтось называе беларускія тэлеканалы «Гебельс-ТБ», ён памыляецца. Гебельс працаваў з Лені Рыфеншталь, якая старалася паказаць «добрае» пра Трэці Рэйх. Гебельс не прыпужваў, ён заахвочваў. Ён у гэтым сэнсе быў звычайным прапагандыстам.

Наша прапаганда года 2020-га толькі пужае.

Дарэчы, яна і раней толькі пужала.

Беларускую апазіцыю ў нулявых вінавацілі ў адсутнасці «пазітыўнага парадку дня», у тым, што яна толькі крытыкуе ўладу. Дык вось, прапаганда ў нулявыя і дзевяностыя таксама выключна крытыкавала апазіцыю.

Памятаеце, быў такі Азаронак-старэйшы? Паглядзіце «Нянавісць. Дзеці Ілжы» (цікавая, дарэчы, назва, з улікам таго, што мы бачым цяпер па СТБ). Фільм быў цалкам скіраваны на дыскрэдытацыю БНФ, маўляў, сугучныя калабарантам.

І тут было прыпужванне. Але тады, у 1990-я, пужалі ворагамі.

Цяпер пужаюць, так бы мовіць, сабой.

Гэта як відовішча Міколы Дзядка, збітага і змушанага да прызнанняў на камеру. Вось такія мы лютыя!! Гэта як сама гэтая традыцыя — ставіць чалавека перад аб’ектывам, як у Чачні, і вымушаць прасіць прабачэння і запэўніваць у «раскаянні». Быццам якіясь «раскаянні» за кратамі, пасля струменя з газавага балончыка, чагось вартыя.

Пра тое, што ў Беларусі файна жывецца, гэта дакладна нічога не кажа. Адзіны мэсідж таго, што нам паказваюць на праўладных каналах (у тым ліку ў Тэлеграме), — «Бойцеся!».

На гэтым усё.

Як гэты страх сумяшчальны з адчуваннем шчасця і радасці ад жыцця ў Беларусі, — незразумела. Але, здаецца, яны ўжо нават не імкнуцца падмяняць праўду прыдумкай, каб нам было хораша і спакойна. Яны робяць, каб мы баяліся.

І такая прапаганда не мусіць адказваць на пытанні. Яна не мусіць быць дакладнай. Яна не мусіць прапанаваць цэльную карціну свету. Не, наадварот! Чым больш шурпатасцяў, чым больш нестыковак і цёмных плям, тым страшней. Адказаць рэцэптам баршчу на запыт патлумачыць лёс палітзняволеных — цудоўна! Прапанаваць прагноз надвор’я ў Емене замест таго, каб патлумачыць, па якіх цэнах будзе закупацца газ і якімі будуць пенсіі ў 2021-м, — цуд!

Жыць у такой дзяржаве невыносна. Але заўважце, нас прыпужалі нават складанасцямі ў вяртанні. То і з’ехаць мусіць быць страшна.

Гэтая дылема — сапраўды новае слова ў гісторыі ідэалогіі і прапаганды.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?