25 лістапада вартаўніка салігорскага КДБ пенсіянера Леаніда Штайду прысудзілі да 10 гадоў зняволення.

Вайсковы пенсіянер Штайда ў інтэрнэце спрачаўся пра палітыку з мясцовым жыхаром 50-гадовым Генадзем Кісялём. Кісель падтрымліваў перамены, Штайда — Лукашэнку. Скончылася ўсё трагічна: 12 жніўня Леанід Штайда забіў нажніцамі Генадзя Кісяля проста на вуліцы.

Пра асобу Штайды ўжо шмат напісалі, але якім чалавекам быў Генадзь Кісель?

Алена, удава Генадзя, распавяла «Нашай Ніве» пра мужа і сваё жыццё з ім.

Генадзь Кісель працаваў на «Беларуськаліі». Ён ураджэнец Салігорска. Пасля школы Генадзь паступіў у мясцовую вучэльню (гэта было ПТВ №104 гарнякоў, а сёння — Салігорскі дзяржаўны каледж). А Алена прыехала туды працаваць — майстрам вытворчага навучання.

«І завязаўся раман, у вучэльні мы і пазнаёміліся. Гэта было ў 1985 годзе. Пасля Гена служыў у войску. Трапіў ва Украіну, у войскі сувязі. Там яму прапанавалі застацца, але ён адмовіўся, — расказвае Алена. — У снежні 1990 года Гена прыйшоў з войска. Я яго дачакалася. І ўжо праз пару месяцаў мы ажаніліся — гэта было ў красавіку 1991 года».

У Генадзя і Алены двое дзяцей: Дар’я і Аляксей.

«Сын скончыў каледж мастацтваў, ён з 6 гадоў займаўся танцамі. Мы з мужам заўсёды яго падтрымлівалі, хадзілі на ўсе выступы і экзамены. Яму было цікава, а мы хацелі, каб ён пасля не шкадаваў, што не змог паспрабаваць.

Генадзь з сынам Аляксеем і жонкай Аленай

Сыну падабаюцца танцы, ён працаваў у нашым ДК, але сёлета змяніў прафесію — скончыў курсы і пайшоў у дальнабойшчыкі. Калі становішся старэйшым, то хочацца і сям’ю стварыць, а заробкі ў нас у культуры вы ж ведаеце якія — не вельмі добрыя. І сын вырашыў, што прыйшоў час нешта мяняць.

Дачка вучылася ў музычнай школе, але недзе ў 7-8 класе цвёрда вырашыла: буду паступаць у медыцынскі! Гена яе нават адгаворваў, рэкамендаваў пайсці ў музычную вучэльню, але Дар’я настаяла на сваім. Паступіла ў Гродна, скончыла медуніверсітэт, прайшла там жа інтэрнатуру і цяпер жыве і працуе ў Жодзіне».

«Цудоўны бацька, цудоўны муж, цудоўны сусед. Вясёлы, з пачуццём гумару, вельмі працавіты, настолькі, што дапамагаў літаральна ўсім навокал: суседзям, сябрам, калегам, маім сяброўкам… Ды што там казаць, аднойчы мы проста ўбачылі, як нейкія падлеткі стаяць ля дома і калупаюцца ў роварах — штосьці зламалася. Гена адразу збегаў у машыну, узяў інструмент, кажа: «Зараз зробім!» Адрамантаваў ім усё за хвіліны.

Гена ніколі не праходзіў міма. Нават на дарозе спыняўся, калі бачыў, што хтосьці заглох, пытаўся: чым дапамагчы?

Ён заўсёды ўсё рабіў сам сваімі рукамі. Ніколі не выклікалі сантэхнікаў, электрыкаў — бо Гена ўсё ведаў і ўсё рабіў сам і сабе, і іншым. Ён увогуле больш працаваў, чым адпачываў, увесь час быў заняты, — расказвае пра мужа Алена. —

Нават калі ён прыйшоў працаваць у «Беларуськалій», то адразу пачаў запісвацца на ўсе магчымыя варыянты навучання і курсы. Ён прыйшоў электрагазасваршчыкам, пасля — сумесна з працай! — адвучыўся на трактарыста, горнага рабочага, машыніста… І ён не проста запісваўся дзеля корачкі, ён хадзіў, каб авалодаць спецыяльнасцю і разбірацца. Ён нават амаль усе катэгорыі ў правах сабе паадкрываў — мог кіраваць любым транспартным сродкам, акрамя аўтобуса.

Апошнім часам Гена працаваў у першым рудаўпраўленні машыністам горна-выймальных машын. Гэта праца ў шахце. Я хвалявалася за яго, канечне. Часам у яго былі змены да 2-й ночы, і калі яго ў гэты час дома няма — я інстынктыўна прачыналася заўсёды.

Часам працаваў і па дзве змены, гэта таксама выклікала трывогу. Але Гена вельмі любіў сваю працу і ён нічога не рабіў напалову — калі працаваў, то прафесійна. Бо ён быў сапраўдным спецыялістам ва ўсім, за што б ні браўся.

Ён шмат часу праводзіў у гаражы, на лецішчы, дзе дабудоўваў другі паверх.

Любіў перадачы кшталту «Голас. Дзеці», можа, таму і хацеў, каб дачка займалася музыкай. Вельмі цікавіўся гісторыяй, чытаў шмат кніг па гісторыі.

Ён меў пачуццё справядлівасці і сваё меркаванне, але разумеў і памылкі. Калі не меў рацыю — прызнаваў гэта. Калі быў упэўнены — то стаяў да канца. Так і выхоўваў дзяцей, казаў ім: «Павагу напрацоўваеш гадамі, а згубіць яе можна ў адну секунду. Таму заўсёды думайце перад тым, як штосьці рабіць».

«Муж вельмі любіў жывёл. Заўсёды клапаціўся, каб у хатніх жывёл была ежа і вельмі любіў проста пакарміць птушак на вуліцы», — згадвае жонка

Усё жыццё Гена вучыўся і працаваў, заўсёды намагаўся ведаць больш і разумець больш ды дапамагаць людзям. І як адбылося тое, што адбылося, ніхто не можа зразумець. Чаму Генадзь? Чаму гэта здарылася з ім?

Ён не быў ніякім палітыкам ці актывістам. У жніўні Гена быў у адпачынку, але ўвесь час займаўся лецішчам, у яго не было часу нават ні на што іншае. Яны з сынам усё займаліся гэтым, абмяркоўвалі будоўлю. Сын кожны дзень званіў Гене, яны вялі свае мужчынскія размовы: машыны абмяркоўвалі, будоўлю… Прыйшоў такі час, напэўна, калі муж пачаў сыну перадаваць свае веды…

Увечары мы з мужам маглі пайсці на шпацыр да вадасховішча, абмяркоўвалі планы: хацелі паехаць у Трускавец. Даўно планавалі, я вельмі хацела, Гена пагадзіўся. Мы ж асабліва не адпачывалі нідзе: былі калісьці ў Турцыі адзін раз, і тое дзеці нас адправілі. А так увесь час праца, часам — лецішча.

Але лічыў так: калі прадпрыемства, фабрыка ці нават школа працуе добра — то ўсё нармальна. Але калі кіраўнік замыліў вока, нічога не хоча мяняць, то з такім падыходам Гена быў не згодны. Значыць, такому кіраўніку трэба штосьці мяняць ці адысці ў бок. І гэта падыходзіць да любой сферы жыцця.

Той Штайда… Муж асабліва мне не расказваў. Аднойчы было: Гена распавёў, што хтосьці там ім цікавіўся і нават выклікаў «на размову». Гена яму адказаў, што на такія сустрэчы не ходзіць.

Я тады папрасіла мужа: ты з ім не стасуйся больш, навошта табе? І Гена ўбачыў маю рэакцыю і нічога больш мне не расказваў, напэўна, каб я больш не хвалявалася.

А пасля Гену забілі.

Але лічу так, што пакаранне мусіць адпавядаць злачынству. Адрэзаў руку — адрэжуць і цябе. Я на судзе так і сказала: чалавек, які забраў жыццё іншага чалавека, не мае права жыць. Гэта маё меркаванне».

Генадзь і Алена пражылі разам 30 гадоў.

«І мы іх шчасліва пражылі. Выгадавалі цудоўных дзяцей. І мне з Генай было добра, я заўсёды была за мужам.

А цяпер і я адна, і мама Генадзя засталася адна. Ёй 80 гадоў. І ёй цяпер вельмі цяжка. Мы намагаемся яе падтрымліваць, нашы словы яна слухае, але не чуе і не можа прыняць. У яе ўжо і ўнукі, і пляменнікі… Але ж Гена быў у яе адзіным сынам», — кажа Алена.

Генадзь з мамай Наталляй Сямёнаўнай

Распавяла пра Генадзя і яго дачка Дар’я.

«Пра тату можна расказваць шмат чаго цікавага. Ён быў максімальна пазітыўны і вясёлы чалавек, які любіў жартаваць, любіў расказваць смешныя гісторыі. Калі ён пераказваў жарты з тэлепраграмы — гэта было ў 10 разоў больш смешна за арыгінал, — расказвае Дар’я. —

Нядаўна згадвала, як, калі я была яшчэ малая, тата прыйшоў ноччу з працы, — а я сплю і ў мяне з-пад коўдры ногі тырчаць. А бацька мяне казыча, пасля хаваецца за сцяну — выгляне адным вокам і смяецца. Вось у гэтым быў увесь ён — вясёлы, добры чалавек. Чалавек з адкрытай душою для ўсіх. Ён для мяне быў цэлы Сусвет, нават больш. Ён мяне выхаваў, даў мне адукацыю. Зрабіў з мяне чалавека, скажу нават так. Мама, канечне, таксама ўкладвала ў мяне шмат, але я ўсё ж «татава дачушка».

Генадзь і Дар'я

Ён навучыў мяне быць самастойнай, вырашаць праблемы самой. А калі я заходзіла ў тупік і не магла справіцца сама — заўсёды ведала, што магу звярнуцца да бацькоў і яны дапамогуць.

Тата вельмі любіў музыку. Я грала дома на піяніна, яму гэта вельмі падабалася, але ён пастаянна каментаваў, хоць і не вельмі разбіраўся: «Тут сфальшавала! Там не тую ноту ты ўзяла!» Праз тату мы з братам і былі творчымі асобамі: я займалася музыкай, брат — харэаграфіяй.

Але калі я стала не музыкантам, а доктарам — бацька вельмі і вельмі ганарыўся мною. Ён прыязджаў на мой выпускны ў медуніверы, я пераглядала нядаўна фота: на іх тата ўвесь свеціцца, ён быў вельмі рады, шчаслівы за мяне.

Я доктар агульнай практыкі, працую на дзвюх працах: у бальніцы і ў паліклініцы. У паліклініцы — у бруднай зоне, з «каронай», прастудамі і пнеўманіямі. І бацька перажываў за мяне, асабліва калі пачалася сітуацыя з кавідам, заклікаў быць асцярожнай. І ведаеце, пакуль тата быў жывы, нас гэтая хвароба неяк абыходзіла бокам. А калі ён памёр, то блізкія адно за адным пачалі хварэць на «карону».

Дзень смерці бацькі я вельмі добра памятаю. Я ішла з працы, пазваніла яму, ён быў на лецішчы. Бацька распавёў, як ратаваў вожыка, які заграз у сетцы і не мог выкараскацца. Расказваў і смяяўся-смяяўся… Мы з ім пагаварылі, я папрасіла яго быць акуратным, бо такая сітуацыя ў краіне, што барані Божа, папрасіла бацьку, каб ён не трапляўся ва ўсе гэтыя сітуацыі… Ну і ўсё, пасля адпачывала дома. І раптам тэлефануе мне маці — я адразу зразумела па яе голасе, што нешта не так.

Пытаюся, што здарылася? Мама кажа: тату забілі.

Я не паверыла, бо вось нядаўна ж з ім гаварыла… Як жа так?

Пасля я хуценька сабрала рэчы, паведаміла сваёй загадчыцы пра сітуацыю — там усе ўсё зразумелі, у нашай паліклініцы выдатныя людзі працуюць. І я паехала ў Салігорск. А па дарозе пазваніла і паведаміла пра смерць таты брату — бо мама не ведала, як яму сказаць. Ехала дадому я проста ў прастрацыі, была ў такім стане, што пахаванне, усе гэтыя клопаты я нават амаль не памятаю, было як у тумане.

Цяпер у маім знешнім жыцці амаль нічога не змянілася, я ўжо даўно жыву асобна ад бацькоў. Але ўнутры мяне… Разам з татам памерла большая частка маёй душы. Гэта гучна сказана, але тата для мяне быў цэлым светам… І гэты свет у мяне проста забралі і выкінулі».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?