З 1 ліпеня цана на газ для Беларусі складзе прыкладна 200—205 даляраў ЗША за тысячу кубаметраў. Пра гэта паведаміў першы віцэ‑прэм’ер Уладзімір Сямашка, выступаючы 20 мая на пленарным пасяджэнні ў межах Беларускага прамысловага форуму ў Мінску.

Паводле слоў віцэ‑прэм’ера, у структуры сабекошту прыроднага газу вялікую долю мае транспартны складнік. Менавіта таму для Беларусі расійскі газ таннейшы, чым для Еўропы.

Нагадаем, у разліках кошту газу для Беларусі на 2009 год прадугледжана яго паэтапнае паніжэнне з улікам сусветнага падзення цэн на нафту.

Гэта ўрэгулявана дадатковым пагадненнем да кантракта на пастаўку газу ў Беларусь у 2007—2011 гадах, якое «Газпром» і «Белтрансгаз» падпісалі ў пачатку лютага. Згодна з формулай разліку цаны на газ, прапісанай у дзейным кантракце, кошт газу для Беларусі прывязаны да сярэднееўрапейскай цаны з улікам паніжальнага каэфіцыента. Да 2011 года Беларусь павінна выйсці на аплату газу па еўрапейскай цане.

Дакладная цана, па якой Беларусь купляе газ цяпер, афіцыйна не называецца. Паводле некаторых звестак, гэта прыблізна 147 даляраў за тысячу кубаметраў.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0