З картак праектнага менеджара Валянціна 4 разы знялі грошы ў кошт выплаты штрафу паводле артыкула 23.34 КаАП. Характэрна, што сам штраф ён сплаціў яшчэ 2 тыдні таму, аб чым малады чалавек распавёў у сябе ў фэйсбуку.

Як растлумачыў для dev.by Валянцін, ён аплаціў прызначаны яму штраф 270 рублёў на працягу 40 дзён з дня пасяджэння суда — 13 лістапада. Чэк захаваў. Але нікуды яго не прад'яўляў. І аказалася, дарэмна — калі няма плацежкі, судовая канцылярыя лічыць, што штраф не аплачаны, і па заканчэнні 40 дзён адпраўляе справу ў аддзел прымусовага выканання пакарання (АПВ).

Але пра гэта Валянцін даведаўся ўжо пасля таго, як 24 лістапада яму прыйшла СМС аб спісанні з яго валютнай карты Белінвестбанка 116,25 даляраў — або 297 рублёў.

— Я патэлефанаваў у Смалявіцкі суд, там мяне адправілі ў АПВ. Патэлефанаваў у аддзел свайго раёна — паабяцалі вярнуць грошы «па прад'яўленні чэка». Я скінуў звесткі для вяртання, і вырашыў, што на гэтым усё.

Але ўвечары выпадкова высветлілася, што была яшчэ адна СМС аб спісанні 53.94 рублёў з другой карты Белінвестбанка — знялі ўсю рэшту да нуля.

Пазней я праверыў сваю карту МТБанка: там заблакавалі суму 297 рублёў — і стала мінус 222, а сама карта пры гэтым таксама была заблакаваная.

Дзеля цікавасці праверыў яшчэ і карту «Халва», якой даўно не карыстаюся — і там таксама мінус 297 рублёў.