Доктарку адной са сталічных паліклінік за 45 даляраў хабару (гэта быў аператыўны эксперымент) асудзілі на 6 гадоў калоніі з канфіскацыяй маёмасці.

У галаве такое не ўкладваецца — за забойства чалавека, як у выпадку з пухавіцкімі самасуднікамі, суд даў сама болей 5 гадоў калоніі, а тут за 125 тысяч рублёў — на год болей ды з канфіскацыяй!

Гэтая дзікая гісторыя нагадала некалькі выпадкаў з майго жыцця. Колькі гадоў таму мая мама патрапіла ў гарадзенскі абласны анкалагічны цэнтр.

Праходзіла камісію, дзень правяла ў чэргах. У той дзень на бальнічных калідорах хадзіла некалькі маладых людзей, якія падыходзілі да хворых і іхніх сваякоў, і пра нешта з імі загаворвалі. Адзін з іх падышоў і да чаргі, у якой стаяла мая мама. Загаварыў да яе суседкі.

Прадставіўся супрацоўнікам аддзелу па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю і прапанаваў супрацоўніцтва. Гаварыў, што ягоны аддзел мае інфармацыю, што нібыта многія лекары гэтай установы пад падазрэннем у органаў, нават КДБ, бо часта бяруць хабар. Спытаў, да каго з дактароў трэба зараз заходзіць і прапанаваў паўдзельнічаць у эксперыменце.

Пры гэтым ён разгарнуў паперы і кіўнуў на іх — у сярэдзіне ляжала даляравая купюра.

Супрацоўнік патлумачыў, што паперчына пазначаная, што не трэба нічога баяцца, бо адказнасць за дачу хабару ў часе эксперымента пацыент не нясе. Жанчына наадрэз адмовілася, сказала, што да гэтага доктара ёй не адзін раз яшчэ давядзецца ездзіць, што такіх спецыялістаў не так ужо і шмат. Тады малады чалавек памяняў тактыку — стаў гаварыць, што большасць пацыентаў, калі не ўсе, даюць дактарам хабар, і што злавіць кагосьці з іх на гарачым не складае праблемы. Ён нават паспрабаваў адабраць у жанчыны картку, каб запісаць яе прозвішча, але тут чарга не на жарт усхвалявалася і супрацоўнік мусіў рэціравацца.

Іншы выпадак здарыўся з маім сваяком, якому трэба было пакласці сваю маму на дзённы стацыянар. А там на той момант не хапала месцаў. Каля пад’езду яго сустрэў знаёмы абэзавец. Даведаўшыся, куды той ідзе, сказаў прыблізна так:

«Усё адно ж даваць «на лапу» будзеш, я ж ведаю, то дай маю паперку, пазначаную».

Сваяк мой адмовіўся.

І яшчэ адна гісторыя, якую распавялі ў адной з менскіх бальніцаў. Абэзаўцы нейкім чынам выведалі прозвішчы і кантакты некалькіх пацыентаў аднаго з лекараў. І пачалі ім тэлефанаваць, кажучы, што ведаюць пра факты вымагання ў хворых грошай. Абяцалі вярнуць тыя грошы, калі нехта з пацыентаў пагодзіцца на супрацоўніцтва. Доктара тады не арыштавалі.

АВ, Гародня

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0