Разам з Букмекерскай канторай Леон мы сачылі за вышэйшай лігай.

Ужо ў суботу мы зможам даведацца імя чэмпіёна Беларусі. Гэта будзе альбо ў 16-ы раз БАТЭ, альбо ў другі — «Шахцёр» (першы раз быў у далёкім 2005-м). Магчыма, што чэмпіянат падоўжыцца яшчэ на адзін матч, «залаты», для гэта барысаўцам трэба прайграць, а салігорцам згуляць унічыю ў апошнім туры. Але пра расклады крыху ніжэй.

У 29 туры ўсе прэтэндэнты на медалі свае матчы выйгралі, таму інтрыга арганічна перанеслася на апошні тур. Перамога «Нёмана» над «Слуцкам» адправіла случчакоў у пераходныя матчы, дзе тыя будуць змагацца за вышэйшую лігу з «Крумкачамі».

Вось вынікі матчаў 29 тура:

  • «Смалявічы» — «Славія» 0:3
  • БАТЭ — «Белшына» 5:0
  • «Гарадзея» — «Дынама-Брэст» 1:4
  • «Нёман» — «Слуцк» 1:0
  • «Мінск» — «Віцебск» 2:2
  • «Рух» — «Шахцёр» 1:2
  • «Энергетык-БДУ» — «Дынама-Мінск» 2:3
  • «Тарпеда-БелАЗ» — «Іслач» — 2:0

Табліца перад вырашальнымі гульнямі выглядае вось так:

Якія матчы нас чакаюць у апошнім туры? Якія з іх могуць на нешта паўплываць? Усе матчы пачнуцца 28 лістапада а 14:00.

«Славія» — «Энергетык-БДУ»

  • Мазыр, стадыён «Юнацтва»

Пачнём з матчаў, якія асаблівага турнірнага значэння не маюць. На вяршыні другой паловы турнірнай табліцы даволі шчыльна — чатыры каманды з 9 па 12 радок раздзяляюць усяго два турнірныя балы. 

У Мазыры вырашыцца, хто будзе вышэй. Перамога гаспадароў дазволіць ім абагнаць «студэнтаў» і падняцца ў першую дзясятку. 

Прагноз: «Славія» не саступіць.

«Слуцк» — «Смалявічы»

  • Слуцк, стадыён «Гарадскі»

UPD. Матч адменены федэрацыяй футбола. Стыкавыя матчы з «Крумкачамі» перанесеныя на 15 і 19 снежня.

Здаецца, абедзве каманды былі б не супраць, каб гэты матч не адбыўся. Случчакоў падкасіў каранавірус: ажно 13 чалавек хварэюць. Пакуль няясна, як гуляць са «Смалявічамі» і на наступным тыдні з «Крумкачамі».

Са «Смалявічамі», наадварот, усё даўно ясна. Ёсць шанец скарыстацца кадравымі праблемамі суперніка, але ці трэба яно камандзе?

Прагноз: тотал, меншы за 2.5.

«Іслач» — «Гарадзея»

  • Мінск, стадыён «Трактар»

Мінчукі застануцца ў суботу без футбола. Ні на «класіка», ні на відовішча для больш вытанчаных эстэтаў, якое пройдзе на «Трактары», заўзятараў не пусцяць.

«Іслач» змазала канцоўку і не здолела пазмагацца за медалі. Негатыўны сцэнарый можа адкінуць «ваўкоў» і на восьмы радок. Але для гэтага трэба як мінімум прайграць «цукровым», якія план-мінімум па захаванні прапіскі ў вышэйшай лізе выканалі.

Прагноз: тотал, меншы за 2.5.

«Белшына» — «Рух»

  • Бабруйск, стадыён «Спартак»

У пяці матчах пасля каранціну «Белшына» набрала ўсяго адзін бал і прапусціла 19 мячоў. Прыкры фінал для каманды, якая амаль выкараскалася з зоны вылету.

«Рух» правёў удалы сезон. Маладая каманда Сяднёва паказвала яскравую гульню і заслужыла месца ў першай палове табліцы. Перамога ў Бабруйску павінна стаць прыгожай кропкай у сезоне.

Прагноз: перамога «Руху».

«Дынама-Брэст» — «Нёман»

Заходняе дэрбі і, імаверна, лебядзіная песня для праекта «Дынама-Брэст». Распаўсюджваюцца чуткі, што ў наступным сезоне Аляксандр Зайцаў пераключыцца на «Рух», а з «Дынама» сыдуць усе лідары: хто у другую брэсцкую каманду, хто ў іншыя.

Фота: ФК «Дынама-Брэст».

Для «Нёмана» расклад элементарны: перамагаеш — заваёўваеш медалі. Прайграеш — можаш аказацца нават шостым. Для каманды Кавалевіча гэта матч года, а для некаторых гульцоў, магчыма, і матч усёй кар'еры.

Прагноз: «Дынама» не прайграе. «Нёман» не стане трэцім.

«Віцебск» — «Тарпеда-БелАЗ»

  • ЦСК ФК «Віцебск»

Жодзінцы, на наш погляд, галоўныя прэтэндэнты на трэці радок. Яны едуць у госці да нематываванага суперніка, які выйграў усяго аднойчы за апошнія дзесяць тураў.

Акрамя перамогі, «Тарпеда» патрэбна, каб у Брэсце аступіўся «Нёман», таму заўзятары жодзінцаў будуць сачыць адразу за двума матчамі.

Прагноз: «Тарпеда» пераможа і заваюе «бронзу».

«Шахцёр» — «Мінск»

Заўзятары «гарнякоў» таксама будуць пільна сачыць не толькі за гульнёй сваёй каманды. У Мінску паралельна будуць гуляць БАТЭ і мінскае «Дынама», і ўсе салігорцы будуць за «дынамаўцаў».

Фота: ФК «Шахцёр».

«Гарнякі» ў сезоне месцамі выглядалі лепш за БАТЭ і маюць лепшую абарону, але недарэчныя страты балаў у пачатку сезону і пасля змены трэнера могуць каштаваць камандзе чэмпіёнства.

Прагноз: «Шахцёр», імаверна, пераможа і выканае задачу-мінімум на гульню. Але гэтага не хопіць для чэмпіёнства.

«Дынама-Мінск» — БАТЭ

Як мы пісалі вышэй, гэты матч пройдзе без гледачоў. Наўрад ці было вельмі шмат ахвотных прыйсці на гульню, нягледзячы на афішу і важнасць гульні, але і тых федэрацыя разам з вышэйшымі органамі пакінулі без відовішча, у чарговы раз паказаўшы сваё стаўленне.

Што тычыцца футбола: Ігару Стасевічу адмянілі дыскваліфікацыю, і ён зможа дапамагчы партнёрам у вырашальным матчы.

Фота: ФК БАТЭ.

«Дынама» выйграла шэсць матчаў запар і ў тэорыі можа нават ускочыць на трэці радок. Для гэтага перамагчы ў БАТЭ і чакаць нічыёй у Брэсце, а таксама страты балаў жодзінскага «Тарпеда» (пры роўнасці балаў з «Нёманам» і «Тарпеда» ў мінчукоў перавага за кошт асабістых сустрэч). Можаце самі падумаць, наколькі рэальны такі расклад.

Таму суботні матч вырашальны і прынцыповы для абедзвюх каманд. Плюс у першым крузе каманда Кучука перайграла БАТЭ, таму для Барысава будзе надзвычайна важна вярнуць тытул, узяўшы рэванш.

Прагноз: БАТЭ пераможа і заваюе чэмпіёнства. 

Калі лічыце сябе экспертам у беларускім футболе, зрабіце стаўку ў Букмекерскай канторы Леон!

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?