"У БЭТЛЕЕМЕ, УБОГІМ ДОМЕ…"

У тую ноч, якая шчэ ня ведала, што яна сьвятая,

ні лісьліўцы,

ні падлізы,

ні кандыдаты ў саноўнікі,

ні службоўцы,

ні спрытнюгі,

ні ганарліўцы, якія "былі там першыя",

ні рэпартэры з тэленавінаў, ні журналісты,

але найбліжэйшыя,

заўсёды родныя,

непісьменныя зь вялікім сэрцам

і тыя цары, што шукаюць,

беглі стрывожаныя -

ці не прастудзіўся Ён,

ці зорка Яго не спалохала зблізку,

ці сухія ў Яго пялюшкі,

ці не ахрып Ён пад пекныя сьпевы анёла,

ці ня колка Яму на сене,

ці асёл ня брыкнуў свайго большага брата -

паважнага вала.

Пакуль разумнікі абураліся,

усёмагутны Бог стаў чалавечым дзіцем

і бязрадна выцягнуў рукі,

а сьвет не перакуліўся,

толькі - згорблены - усьміхнуўся

і пачаў выпростваць сьпіну.

1970, 1995

ПРА ФІРАНКІ Ў СТАЙНІ

Каб тады, у сьвятую ноч,

калі сьвяціла адна зразумелая зорка,

яны прыйшлі да Цябе

зь верай, што трэба ўсё мець, каб не перастаць быць,

баючыся бездапаможнасьці Твайго нараджэньня,

можа, яны б укрылі Цябе цёплаю коўдрай,

павесілі ў стайні фіранкі,

справілі сьвятому Язэпу пальчаткі, а лепей - тоўстыя рукавіцы,

правялі цэнтральнае ацяпленьне.

Самыя важныя прасілі б для Цябе ў жылканторы

кватэру з выгодамі,

каб Ты не туліўся па чужых кутах.

Скептыкі ўбачылі б у гарэзьлівым восьліку

траянскага поні зь нячыстым сумленьнем.

Самыя адважныя пратэставалі б, спасылаючыся

на Дэклярацыю правоў чалавека й грамадзяніна

і ўсе дэкрэты пра свабоду веравызнаньня.

Паэты б упрыгожвалі Бэтлеем лірычнымі выкрутасамі,

мастакі мазалі б залатым пэндзлем.

У найлепшым выпадку Табе маліліся б,

як маленькаму алігарху,

якога наўмысна паклалі тут на сена,

а ты тлумачыў бы шырока адкрытымі вачыма,

тулячыся шчакою да замерзлай маці,

што Ты напраўду ёсьць,

а таму аддаеш усё.

1969

НАШТО ІСНУЕ РАСТВО

Нашто існуе Раство?

Нашто мы ўглядаемся ў зорку на небе?

Нашто сьпяваем калядкі?

На тое, каб вучыцца Божай любові,

На тое, каб падаваць адно аднаму рукі,

На тое, каб усьміхацца адно аднаму,

На тое, каб адно аднаму прабачаць,

Каб ніводная чараўніца праз трыццаць гадоў

не зрабілася ведзьмай.

1973

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?