Ад учорашняга дня на канале НТВ навінавыя праграмы пачалі замяняцца расейскімі сэрыяламі, а ў пэрспэктыве чакаецца карэкцыя і іншых перадачаў. І толькі ўладальнікі сыстэмаў спадарожнікавага ды кабэльнага тэлебачаньня могуць сачыць за праграмнай сеткай НТВ у ранейшым фармаце.
Дагэтуль Белтэлерадыёкампанія перакрывала музычнымі праграмамі на НТВ выключна спартовыя спаборніцтвы – перадусім, футбольныя матчы Лігі чэмпіёнаў, за права паказу якіх трэба было плаціць. Аднак 4 ліпеня на гадзіну пазьней пасунулі выпуск папулярнай навінавай праграмы «Сегодня в 22.00». Як лічаць экспэрты, такім чынам расчышчаная інфармацыйная прастора для вечаровых навінаў Беларускага тэлебачаньня, якія гэтаксама пачыналіся ў 21.00 паводле менскага часу і бальшыня гледачоў, якія прымаюць НТВ, аддавалі перавагу расейскаму тэлеканалу. А сёньня раніцай гледачы ня ўбачылі і ранішняга блёку навінаў.
У прыёмным пакоі НТВ спасылаюцца на пагадненьні, падпісаныя кіраўніцтвам каналу і Белтэлерадыёкампаніяй. Пра зьмест дакумэнту не паведамляецца, аднак адзін з рэжысэраў НТВ Ігар Зімакоў, які прыяжджаў у Менск на здымкі праграмы «Свобода слова», расказвае, што чуткі пра новы фармат каналу для Беларусі хадзілі яшчэ месяц таму.
(Зімакоў: ) «Гэта ўжо было анансавана. Гэта для нас не навіна, бо было вядома нейкі час таму, што менавіта так адбудзецца. Падрабязнасьцяў ня ведаю, але чуў, што гэта насамрэч адбудзецца. Прынамсі, дзесьці месяц таму пра гэта ўжо было вядома».
Палітоляг і журналіст Вячаслаў Оргіш кажа, што пляны на замяшчэньне праграмаў НТВ беларускім прадуктам выношваліся яшчэ летась. Але толькі з прыходам на пасаду кіраўніка Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Аляксандра Зімоўскага яны пачалі рэалізоўвацца з большай актыўнасьцю й хуткасьцю.
(Оргіш: ) «Безумоўна, улада імкнецца ізаляваць народ, электарат ад інфармацыі, якая не падкантрольная рэжыму. Інфармацыі, якая больш-менш адрозьніваецца ад той, якую б хацелі данесьці да вушэй простага народу тыя ж улады. Усё гэта сьведчыць пра што? Пра тое, што ўлада робіць захады дзеля таго, каб канчаткова ізаляваць краіну ад зьнешняга сьвету. Эўропа ўсё ж робіць крокі ў кірунку інфармацыйнага прарыву на беларускую прастору. Гэта не падабаецца, канечне, кіраўніцтву краіны, і яно робіць такія крокі. Цяпер гэта ставіцца на практычную глебу, а Зімоўскі рашэньне канкрэтна праводзіць у жыцьцё».
Сёньня прэсавая служба Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі распаўсюдзіла тлумачэньне адносна сытуацыі з каналам НТВ. Як паведамляецца, 1 ліпеня набыла моц дамова паміж НТВ і Белтэлерадыёкампаніяй. Ад гэтага моманту менавіта беларускаму боку належаць правы на выкарыстаньне ўсіх выпускаў праграмаў, якія выходзяць у эфір, за выключэньнем ліцэнзійных і тых перадачаў, якія не зьяўляюцца ўласным прадуктам НТВ. Удакладняецца, што паступова расейскія праграмы будуць замяшчацца аналягічным у зьмесьце беларускім прадуктам.
Разам з тым, прэсавая служба паведамляе: такія папулярныя праграмы, як «К барьеру!», «Реальная политика», «Воскресный вечер» з Уладзімерам Салаўёвым замяшчацца ня будуць.