Два тыдні таму пісалі пра маладога настаўніка матэматыкі і інфарматыкі Аляксандра Крушава, які 26 кастрычніка сышоў у аднадзённы страйк, а пазней звярнуўся да беларусаў у адважным відэароліку. У выніку педагог быў звольнены па артыкуле. Учора ён атрымаў ліст, у якім яго абавязваюць вярнуць грошы за мэтавае навучанне ў ВНУ. Аляксандр жыве ў маленькім аграгарадку Добрая ў Магілёўскай вобласці. Знайсці працу яму пакуль не ўдалося. Жонка ў дэкрэце, а дома — двое маленькіх дзяцей, піша Rebenok.by.

Мы размаўлялі з Аляксандрам Крушавым пасля таго, як яго звольнілі са школы. Хлопец трымаўся бадзёра, быў упэўнены, што без працы не застанецца. І ніколькі не шкадаваў ні аб страйку, ні аб запісе відэа, на якім разам з калегам асудзіў гвалт і пераслед за грамадзянскую пазіцыю.

Тады Аляксандр распавядаў, што маўчаць яму не дазволіла сумленне і што абурэнне кіраўніцтва было чакана, але звальненне па артыкуле ўсё ж стала сюрпрызам:

«Я загадзя папярэдзіў начальства аб тым, што 26 кастрычніка не выйду на працу ў знак салідарнасці са страйкоўцамі. На наступны дзень ужо быў у класе: вучні не павінны адставаць па прадмеце, — казаў Аляксандр. — Дзесьці праз тыдзень дырэктар паставіла мяне перад фактам: я не проста звольнены, а яшчэ і па артыкуле за прагул».

Сітуацыю пагоршыла тое, што Аляксандр — мэтавік. Гэта значыць, што ён паступіў у ВНУ на бюджэт па мэтавым накіраванні, па-за агульным конкурсам. Пасля вучобы ён павінен быў адпрацаваць у якасці абавязковага размеркавання не стандартныя два гады, а пяць. Выканаць гэту ўмову, як мы ведаем, настаўнік не змог.

І зараз у адпаведнасці з заканадаўствам Аляксандр Крушаў павінен выплаціць грошы, затрачаныя на яго навучанне ў Магілёўскім дзяржуніверсітэце. Тэрмін выплаты — паўгода (пункты 5,7,8 пастановы Саўміна № 821 ад 22.06.2011). З улікам ужо адпрацаванага часу настаўніку налічылі 9 375 рублёў. Новую працу былы настаўнік пакуль не знайшоў.

Пасля гісторыі са звальненнем уладкавацца па спецыяльнасці аказалася цяжка. З'язджаць з раёна Аляксандру не хацелася б (ён вельмі любіць малую радзіму), таму цяпер шукае вакансіі праграміста на дыстанцыйцы. Як будзе кампенсаваць непад'ёмную для сям'і суму, настаўнік пакуль не ведае.

— У лісце сказана, што доўг трэба пагасіць на працягу паўгода. Вельмі спадзяюся, што за гэты час нешта зменіцца і я знайду працу. У мяне і маёмасці няма, якую, у выпадку чаго, можна было б канфіскаваць за даўгі. І што тады — пасадзяць? — разважае Аляксандр. — Карацей, што-небудзь прыдумаю.

Калі вы хочаце дапамагчы Аляксандру Крушаву з пошукам працы, напішыце на пошту ka213415@yandex.ru