Яну Салановічу 21 год, ён вучыцца на інжынера на чацвёртым курсе БДУІР. 1 лістапада яго затрымалі на нядзельным мірным маршы ў Курапаты.

Пасля адбылося дзіўнае — Ян Салановіч прызнаўся, што ўдзельнічаў аж у 15 (!!!) мітынгах. Цяпер хлопец сядзіць у ЦІП на Акрэсціна, і кожныя некалькі дзён над ім ідуць суды.

«12 сутак яму прызначылі другога лістапада, 15 сутак — пятага лістапада, 15 сутак — дзясятага лістапада, 15 сутак — 18 лістапада, — пералічвае Вольга, мама юнака. — Апошні суд быў 27 лістапада, сыну далі 14 сутак».

Такім чынам, Яну «накідалі» ўжо 71 суткі арышту. Маці хвалюецца, што гэта далёка не канец.

Згодна з заканадаўствам, 90 сутак запар — максімум па адміністрацыйных справах. Пасля чалавека мусяць выпусціць хаця б на адзін дзень, але затым яго могуць судзіць зноў.

З чым жа звязаная сітуацыя? Чаму звычайнага студэнта так жорстка караюць?

Магчыма, гэта звязана з працай Яна. 1 верасня хлопец уладкаваўся на працу ў… КДБ.

«Ён мінулым летам праходзіў там практыку як інжынер. І сёлета яму прапанавалі працу. Сын пагадзіўся. І яго ўзялі на палову стаўкі ў Навукова-тэхнічны цэнтр Камітэта дзяржаўнай бяспекі, — кажа мама Яна. — Як ні дзіўна, канфлікту інтарэсаў у яго не было. Калі ён выходзіў на мітынг, я пыталася: ты разумееш, дзе ты працуеш і куды ты ідзеш? Ян казаў: так».

Па словах Вольгі, сына затрымалі 1 лістапада і адвезлі ў РАУС.

«Пасля адтуль адвезлі ў КДБ, дзе ён падпісаў паперу аб звальненні і падпісаў пратакол, што ўдзельнічаў у 15 мітынгах».

За некаторыя двухмесячны тэрмін прыцягнення да адказнасці ўжо прайшоў. Судзіць Яна будуць за 7 ці 8 эпізодаў.

Пра гісторыю Яна Салановіча згадаў у сваім матэрыяле расійскі рэпарцёр Раман Папкоў. Папкоў, асуджаны на 15 сутак, трапіў у адну камеру з хлопцам:

«Хлопец-камп'ютарнік уладкаваўся напярэдадні пратэстаў на паўстаўкі працаваць нейкім там дробным сісадмінам ў КДБ. Пачалася пратэсная хваля — пачаў хадзіць па загадзе сэрца на розныя акцыі. Аднойчы трапіўся.

У аддзел міліцыі прыехалі кадэбісты, сказалі, што нібыта хочуць дапамагчы, але папрасілі пералічыць усе акцыі, у якіх гэты небарака прымаў удзел. Ён так і зрабіў. Кадэбісты аддалі спіс міліцыі».

27 лістапада Вольга ўпершыню трапіла на суд над сынам.

«Ян на судзе прызнае, што ўдзельнічаў у мітынгах. Сёння ён паўтарыў, што быў на 15 мітынгах. Кажа, што гэта яго прынцыповая пазіцыя, кажа, што сам агучыў гэта без ціску. Але ці прынцыпова ён тое кажа, ці таму, што так «папрасілі» — я не ведаю.

На судзе сёння Ян прызнаў віну. Атрымаў чарговыя 14 сутак, — распавядае Вольга. —

Падчас мінулых судоў сведак з міліцыі або іх паказанняў не было. Як я зразумела, абвінавачванне будуецца на тым пратаколе пра 15 мітынгаў, які склалі пры затрыманні сына і білінгу яго тэлефона. Гэтыя даныя проста перадаюць з аднаго суда ў іншы.

Сёння сведка быў — міліцыянт Партызанскага РАУС, які займаўся афармленнем Яна, як я зразумела. Сведкам таго, што сын быў на Маршы, ён не быў».

А вось што распавёў на судзе сам Ян. 

«1 лістапада мяне затрымалі на мітынгу і даставілі ў Партызанскі РАУС, — цытуе хлопца tut.by. — Там спыталі месца працы, я назваў.

Праз некаторы час прыехаў супрацоўнік КДБ, ён паказаў пасведчанне, і яны разам з чалавекам, які не прадставіўся, павялі мяне ў адзіночны пакой для допыту. Там мне сказалі, умоўна: «Давай, прызнавайся, і мы цябе адпусцім. Я тут не для таго, каб цябе пасадзіць у турму». Мы пагутарылі пра падзеі 1 лістапада, і мяне павезлі ў цэнтральны апарат КДБ. На падставе таго, што «ты, маўляў, дасі тлумачэнні і заўтра выйдзеш», мне дыктавалі тэкст заявы на імя начальніка РАУС. […] Калі дайшло да дат, у пакоі з'явіўся яшчэ адзін супрацоўнік КДБ, мне яго прадставілі як чалавека, які займаецца ідэалагічнай працай і аддзелам кадраў. Ён задаў пытанне супрацоўніку, які мяне прывёз, ці цягне [тое, што я паведамляю] гэта на чыстасардэчнае прызнанне. Я спытаў, а чаму чыстасардэчнае? Мне адказалі, ты ж разумееш, мы па камерах паглядзім, нешта ды знойдзецца. Пасля гэтага я назваў усе даты, калі я ўдзельнічаў у масавых мерапрыемствах. Затым мне прынеслі яшчэ адзін бланк для заявы на звальненне».

Таксама 27 лістапада Ян упершыню сустрэўся з адвакатам — раней не пускалі праз каранавірус, кажа Вольга.

«Але сын перадаваў праз адваката, што абыходзяцца з ім без гвалту. Адзінае, што за месяц ні разу не вадзілі ні на шпацыр, ні ў душ. Часам іншых выводзяць, а Яна пакідаюць аднаго ў камеры, — кажа Вольга. — Наколькі я ведаю, у карцары сын не быў. Я амаль упэўненая ў гэтым, бо да мяне даходзілі вестачкі ад сына праз яго былых сукамернікаў.

Ды і адвакат кажа: за што яго саджаць ў карцар, калі ён ва ўсім прызнаецца і кажа тое, што яны хочуць?»

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?