Крымінальнай справай завяршылася праверка Следчага камітэта па заяве 25-гадовага жыхара Жлобіна па факце прычынення яму цялеснага пашкоджання супрацоўнікам органаў унутраных спраў.

Паводле матэрыялаў праверкі, ноччу 17 жніўня нецвярозы мужчына паведаміў па тэлефоннай лініі, што хоча прыцягнуць да адказнасці супрацоўніка міліцыі, які прычыніў яму цялесныя пашкоджанні. Жлобінец распавёў, што ўвечары 13 жніўня ён ехаў на ровары з працы дадому па вуліцы Палявой і ў 19 гадзін 15 хвілін быў спынены трыма супрацоўнікамі міліцыі. Мужчына даводзіў, што два міліцыянты завялі яму рукі за спіну, а трэці нанёс удар гумавай палкай па левай галёнцы.

Пасля гэтага міліцыянты нібыта правялі з ім прафілактычную гутарку па тэме несанкцыянаваных мітынгаў і адпусцілі без складання пратакола. 

Са слоў мужчыны, на шляху дадому яму забалеў палец левай нагі, таму ён вырашыў прыцягнуць міліцыянта да адказнасці.

Пасля праверкі следчыя сцвярджаюць, што ў перыяд часу, указаны заяўнікам як час здзяйснення злачынства, мужчына знаходзіўся дома. Ён не звяртаўся па медыцынскую дапамогу ва ўстановы аховы здароўя ні 13 жніўня, ні ў наступныя дні. Для праверкі заяўнік накіроўваўся ў падраздзяленне ГКСЭ для праходжання судова-медыцынскай экспертызы, аднак туды ён так і не прыбыў. 

Калі следчы падаў усе атрыманыя звесткі, мужчына прызнаўся ў хлусні. Жыхар Жлобіна растлумачыў, што прыдумаў інцыдэнт з міліцыянтамі, бо пасварыўся з сужыцелькай і вырашыў ёй дапячы.

Жлобінскі РАСК адмовіўся заводзіць крымінальную справу ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў, але завёў крымінальную справу ў дачыненні да заяўніка па ч. 1 арт. 400 (Загадзя лжывы данос аб здзяйсненні злачынства) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?