28 лістапада — юбілей у майстра-ювеліра Мікалая Кузьміча. Гэта ён аднавіў Крыж Ефрасінні Полацкай, страчаны ў вайну, а таксама адрадзіў тэхніку старажытнавізантыйскай перагародкавай эмалі XII стагоддзя.

Фота з асабістага сайта nikolaikuzmich.by

Фота з асабістага сайта nikolaikuzmich.by

Нарадзіўся Мікалай Кузьміч у 1950 годзе ў вёсцы Патрыкі на Кобрыншчыне, мастацкую адукацыю атрымаў у вучылішчы імя Глебава. Над аднаўленнем беларускай славутасці — Крыжа Еўфрасінні Полацкай — працаваў ажно 4 гады (1993—1997). Праект быў складаны, крыж аднаўляўся па фотанегатывах і малюнках, для вырабу давялося адрадзіць забытую тэхніку перагародчатай старажытнавізантыйскай эмалі. У пачатку 2000-х працаваў над аднаўленнем ракі для захавання мошчаў Еўфрасінні Полацкай.

Фота з асабістага сайта nikolaikuzmich.by

Фота з асабістага сайта nikolaikuzmich.by

Яго творы знаходзяцца ў музеях, галерэях і прыватных калекцыях Беларусі, у Расійскім музеі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў Маскве, у Германіі (Кобург), муніцыпальным музеі Іспаніі.

Майстар жыве ў Брэсце, летась яго прызналі ганаровым жыхаром гэтага горада.

Мастак эмацыйна адрэагаваў на падзеі апошніх месяцаў у Беларусі:

— Без слёз немагчыма гэта сказаць. Я мірны чалавек, я мастак. Усё маё жыццё прайшло ў майстэрні. Але нікуды тут не дзецца. Слёзы, крыўда, горыч. І радасць за нашых маладых людзей. Я радуюся. Гэта наша будучыня. Я рэдка хаджу на мітынгі. Я даволі не актыўны чалавек. Але нядаўна быў на мітынгу і мяне напаўняла гордасць за маладых людзей. Іх ніхто не купіў. Што тут казаць. Светлыя, выдатныя людзі. Можна толькі пажадаць светлага, добрага жыцця. Дай Бог ім здароўя і міра, каб іх ніхто не гвалціў, ніхто не забіваў. Шчасця нашай краіне Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?