Дырэктар Брэсцкага музычнага каледжа Алег Роўда сыходзіць з займанай пасады. На прэзідэнцкіх выбарах, якія прайшлі ў жніўні, ён быў старшынёй участковай выбарчай камісіі. На яго ўчастку перамагла Святлана Ціханоўская, піша TUT.BY. 

Фота: «Вячэрні Брэст»

Навіну аб кадравых перастаноўках у адміністрацыі музычнага каледжа TUT.BY паведаміла супрацоўніца ўстановы на ўмовах ананімнасці. Паводле яе слоў, 30 лістапада Алег Пятровіч правядзе свой апошні працоўны дзень у крэсле дырэктара. Каго прызначаць на яго месца — невядома.

У гутарцы з TUT.BY дырэктар каледжа пацвердзіў інфармацыю аб сваім сыходзе.

— Сыходжу па пагадненні бакоў, — паведаміў дырэктар.

Прычыны свайго рашэння Алег Пятровіч не назваў.

На мінулых прэзідэнцкіх выбарах Алег Пятровіч быў старшынёй участковай выбарчай камісіі, якая размяшчалася ў будынку музычнага каледжа. 9 жніўня на гэтым участку адным з першых прагаласаваў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль Ліс.

Фотаздымак пратаколу з каледжа ёсць на платформе «Голас». Згодна з дакументам, на ўчастку перамагла Святлана Ціханоўская. За яе прагаласаваў 701 чалавек. На другім месцы Аляксандр Лукашэнка — 464 галасоў.

Даведацца пра прычыны сыходу дырэктара журналісты паспрабавалі ў начальніка ўпраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Сяргея Панасюка. Аднак ён ад каментароў адмовіўся.

Алег Пятровіч узначальваў музычны каледж больш за два гады. Да гэтага працаваў дырэктарам школы мастацтваў у Чарнаўчыцах. Па словах падначаленых, за час сваёй працы ў каледжы ён зрабіў шмат:

— Дырэктара хвалілі, характарызавалі са станоўчага боку. Да 80-годдзя каледжа выдзелілі грошы, ён вырашыў пытанне з фартэпіяна, уклаўся ў рамонт. Буфет у нас быў страшны, ён адрамантаваў. І інтэрнат адкрылі 1 верасня гэтага года. Раней не было, — падзялілася з TUT.BY супрацоўніца ўстановы.

Алег Роўда за ўдарнымі. Фота: Брэсцкая філармонія

Алег Пятровіч усё сваё жыццё звязаў з музыкай.

— Аднойчы ў трынаццатую школу, дзе я вучыўся, прыехала эстрадная група першай музычнай школы, у якой у той час граў тагачасны школьнік, а цяпер вялікі музыка Ігар Карнялюк. Калі яны зайгралі, я вырашыў, што павінен быць з імі і толькі з імі, — распавядаў дырэктар музкаледжа ў інтэрв'ю газеце «Брестский вестник». — На наступны дзень маці адвяла мяне ў музычную школу, дзе я стаў займацца па класе баяна. І ўжо праз дзесяць гадоў, калі мне споўнілася 17, мая мара спраўдзілася — і мы разам з Ігарам займаліся канцэртнай дзейнасцю ў гарадах і вёсках Брэсцкай вобласці. Для мяне музыка — гэта магія. Я прапускаю праз сябе кожны гук, раствараюся ў мелодыі.

Акрамя працы ў каледжы Алег Пятровіч з'яўляецца мастацкім кіраўніком і ўдарнікам джазавага ансамбля Rich Sound Band.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?