Жыхара Новай Баравой судзілі за сцяг на лоджыі. Бел-чырвона-белае палатно, па яго словах, вісіць не звонку памяшкання, а за шклом, з боку кватэры. У судзе палічылі сітуацыю адзіночным пікетам. Ужо пасля публікацыі аказалася, што такі выпадак у Мінскім раёне не адзін, піша TUT.BY. 

Нядаўна жыхарам Новай Баравой (квартал знаходзіцца ў вёсцы Копішча Мінскага раёна) кідалі позвы ў паштовыя скрыні.

Людзей выклікалі ў міліцыю: пагражалі адміністрацыйнай адказнасцю па арт. 21.13 КаАП РБ (Парушэнне архітэктурнага рашэння фасада будынка або збудавання) і арт. 21.14 КаАП (Парушэнне правілаў добраўпарадкавання). Усё гэта звязвалі са сцягамі, якія вісяць на балконах і вокнах у многіх кватэрах.

Цікава, што некаторыя позвы былі безыменнымі — адвакат тлумачыў TUT.BY, што на паперы без адрасата можна не рэагаваць.

У жыхара дома на Авіяцыйнай, 3, Арцёма з Новай Баравой ёсць гісторыя яшчэ цікавейшая. Днямі яго асудзілі за сцяг унутры лоджыі.

22 лістапада жыхару квартала патэлефанавалі з міліцыі, папрасілі праверыць паштовую скрыню. Там аказалася позва — запрашалі на адміністрацыйны працэс паводле арт 23.34. На гэты раз былі пазначаны прозвішча, імя і імя па бацьку адрасата.

На наступны дзень мінчук прыйшоў у міліцыю, там на яго склалі пратакол.

Фота: чытач TUT.BY

У пратаколе пазначана, што мужчына 21 лістапада ў 15:20 вывесіў «для публічнай дэманстрацыі на ўсеагульны агляд не зарэгістраваны ў адпаведнасці з палажэннямі Закона Рэспублікі Беларусь ад 26.05.2012 «Аб афіцыйных геральдычных сімвалах» бел-чырвона-белы сцяг, у цэнтры якога размешчаны герб «Пагоня».

У міліцыі палічылі гэта «наўмысным правядзеннем адзіночнага пікету без дазволу Мінскага райвыканкама», а таксама «публічным выражэннем сваіх грамадска-палітычных настрояў».

На думку інспектара, Арцём парушыў арт. 10 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб масавых мерапрыемствах».

— Суд быў 26 лістапада. Я быў з адвакатам, яна адзначала, што лоджыя — гэта не публічнае месца, што пікет прадугледжвае прысутнасць хаця б аднаго чалавека. На балконе вісеў толькі сцяг — гэта бачна і на фота міліцыі, — распавёў Арцём. — А ў той час, які пазначаны ў пратаколе, я наогул ляжаў на канапе і глядзеў тэлевізар. Я не стаяў на балконе і не крычаў адтуль лозунгі. У мяне дома ёсць відэакамера, файлы з яе мы спрабавалі даць суду — там выразна відаць, дзе я знаходжуся. Але суддзя не стала нават глядзець гэта відэа.

Арцём кажа, што яму прысудзілі штраф — 20 базавых велічынь (540 рублёў) па артыкуле 23.34 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў). Пастанову суда паабяцалі даслаць па пошце.

— Вядома, мы будзем абскарджваць. Я не згодны з такім рашэннем, лічу, што ў сябе дома магу выказваць свае палітычныя погляды як хачу. Лоджыя — гэта мая тэрыторыя.

Яшчэ адзін жыхар Мінскага раёна паведаміў пра суд за сцяг на балконе. Яго судзілі 26 лістапада, таксама па ч. 1.арт. 23.34 КаАП.

Дзяніс расказвае, што БЧБ-сцяг вісеў унутры балкона, за шклом. Гэта палічылі «адзіночным пікетам без дазволу Мінрайвыканкама». Штраф — таксама 20 базавых (540 рублёў).

— Сцяг на балконе вісеў з дня выбараў, ніякіх прэтэнзій раней да яго міліцыя мне не прад'яўляла, — жыхар Бараўлян распавядае, што папярэднічала суду. — А 20 лістапада міліцыянты прыйшлі дадому каля 8 раніцы. Запатрабавалі зняць сцяг, потым я разам з імі паехаў ва УУС. Пратрымалі там каля дзвюх гадзін.

А вось пастанова суда аб адміністрацыйным правапарушэнні. Фота: чытач TUT.BY

Акрамя таго, па інфармацыі TUT.BY, у раёнах сталіцы са старшынямі таварыстваў уласнікаў вядуць «тлумачальную працу» на тую ж тэму.

— У сераду выклікалі старшыняў таварыстваў уласнікаў у Адміністрацыю Маскоўскага раёна — як я зразумеў, з тых дамоў на праспекце Дзяржынскага, якія лічаць праблемнымі, — распавёў адзін з удзельнікаў сустрэчы. — З намі сустракаліся кіраўнік адміністрацыі, начальнік аддзела гарадской гаспадаркі, прадстаўнік МУС і нехта ў цывільным.

Сказалі, што трэба праінфармаваць людзей, у вокнах якіх вісяць бел-чырвона-белыя сцягі, сэрцайкі, лісты паперы, што ўсё гэта будзе прыраўноўвацца да парушэння Закона «Аб масавых мерапрыемствах» і арт. 23.34 КаАП.

Але з нас у Маскоўскім раёне пакуль ніхто, як у Цэнтральным, не патрабуе, каб мы здавалі кантакты жыхароў.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?