У жніўні і верасні звольніліся многія супрацоўнікі дзяржаўных газет і тэлеканалаў. Карэспандэнты, вядучыя, рэдактары… «Наша Ніва» пацікавілася, чым яны займаюцца цяпер. 

Дзмітрый Семчанка, былы кіраўнік прэзідэнцкага пула журналістаў на АНТ:

«Пасля вызвалення з ізалятара мне паступіла адразу некалькі прапаноў, таму, як ні дзіўна, у мяне нават быў выбар. Дзіўна, таму што ўзяць мяне на працу — гэта рызыка. Некаторыя мае калегі, якія гэтак жа сышлі з АНТ, ужо сутыкаліся з тым, што працадаўцы баяліся іх браць, баючыся наезду кантралюючых органаў і іншай помсты з боку ўлады. Таму адчуваю падзяку і павагу да ўсіх, хто прапанаваў мне працу.

Першая прапанова звязана з IT-сферай, другая — кіруючая пасада ў прадзюсарскім цэнтры, дзе займаюцца сцэнарамі і здымкай дакументальных фільмаў, а трэцяя — узначаліць PR у групе кампаній «Белагра», якая займаецца продажам сельскагаспадарчай тэхнікі і запчастак. Менавіта апошняя прапанова здалася мне найбольш цікавай. Нядаўна я ўладкаваўся. Я быў тры месяцы без працы, таму рады, што цяпер пры справе. Вайна вайной, як кажуць, а сям'ю карміць трэба».

Надзея Сербіненка, былая карэспандэнтка БТ, рыхтавала сюжэты для «Панарамы» і праекта «На кантролі ў прэзідэнта»:

«Я прыняла рашэнне часова сысці з журналістыкі, пакуль такая нестабільная палітычная сітуацыя. Я бачу, што адбываецца з журналістамі, гэта ўсё вельмі балюча, вельмі несправядліва. Так не павінна быць.

Але ж я любіла гэту прафесію і лічу, што журналістаў былых не бывае. Проста цяпер так склаліся абставіны…

Цяпер насамрэч мне больш цікавы іншы кірунак — блогінг, і ў першую чаргу на YouTube. Бо тэлебачанне ў класічным яго разуменні, асаблiва ў нашай краiне, пакрысе зжывае сябе, а вось за анлайн-відэаплатформамi — будучыня.

Цяпер я праходжу навучанне ў новай прафесіі, не хачу пакуль афішаваць, у якой менавіта. Я чалавек мала настальгуючы, шчыра кажучы, таму паспрабаваць сябе абсалютна ў іншай сферы для мяне было класным выклікам, я не адчувала з гэтай нагоды засмучэння. Пачынаць нешта новае заўсёды здорава».

Андрэй Макаёнак, былы вядучы БТ (праграмы «Макаёнка, 9», «Добрай раніцы, Беларусь»):

Фота Белтэлерадыёкампаніі

«Стараюся нешта пісаць хаця б для сябе, як аўтар і прадзюсер прыдумляю фарматы і праекты для нашых і іншых прадакшэнаў, напрыклад у Расію. Але кудысьці з’ехаць на сур’ёзныя работы складана: каранавірус плюс буржуазная рэвалюцыя — так сабе пляцоўка для кар’ернага прасоўвання.

Назад на БТ, вядома, ніхто не клікаў. Я думаю, з абодвух бакоў зразумела, што ў гэтым сэнсу няма. Тым больш «Беларусь 1» — гэта прыгожая гісторыя пра тых, «хто застаўся і не падвёў тэлеканал у такіх суровых умовах». Я нават памятаю, як у дзень, калі мы сышлі, адна з маіх добрых знаёмых і калег напісала мне: «Я думала, ты мацнейшы». Гэта фраза, на мой погляд, максімальна адлюстроўвае думкі тых, хто цяпер працуе на БТ.

Што тычыцца прапаноў па працы, то па справе іх практычна не было. Таму цяпер для мяне самае страшнае пакаранне — гэта велізарная колькасць вольнага часу. Летась у гэты перыяд спаў па 4-5 гадзін у суткі, увесь астатні час быў у працы над навагоднімі праграмамі, і мне ўсе казалі: трэба адпачываць, нельга так. Вось цяпер пасылаю сігналы сусвету, што калі ён хацеў, каб я адпачыў, то я ўжо адпачыў, дзякуй».

Сяргей Казловіч, былы вядучы навін на БТ:

«Прапаноўвалі шмат варыянтаў, канечне: і перайсці ў ІТ, і іншае. Але я не хачу змяняць прафесію, хачу застацца ў журналістыцы, таму цяпер працую на свой YouTube-канал «Не по телику», разавыя праекты бяру, каб якую капейчыну зарабіць. 

Зараз ужо працуе манетызацыя канала, кропля капае на рахунак. Але гэта дробязі ў параўнанні з затратамі, якія трэба ўкладаць у падрыхтоўку інтэрв’ю. Былі прапановы рэкламы, інтэграцыі з бізнэсам.

Ці пашкадаваў, што звольніўся? Ні секунды не было такіх думак. Я своечасова сышоў, бо далей пачаліся зусім вар’яцкія рэчы ў эфіры.

Але ў перспектыве ёсць надзея на тое, што сітуацыя ў краіне стане нармальнай, і на вяртанне ў прафесію на тэлебачанне».

Лілія Латагурская, былы рэдактар СТБ:

«Праца знайшла мяне сама, дзякуючы фэйсбуку ды артыкулам пра мяне. Але не зусiм журналiсцкая. Зараз я кiраўнiк новага праекта — анлайн-акадэмii для жывёлаводаў. Усе тыя скiлы, якiя набыла на тэлебачаннi, спатрэбіліся на новым месцы. Мне прапаноўвалі пайсці рэдактарам камерцыйных праграм на іншыя каналы, недзяржаўныя, але адмовілася — надакучыла.

Я развіталася з шэраговымі супрацоўнікамі вельмі цёпла. Але пасля таго, як выйшлі артыкулы пра мяне, далі зразумець, што кіраўніцтва канала вельмі раздражнёнае. Цяпер мне ніхто не тэлефануе з былых калег».

Павел Лосіч, былы ўласны карэспандэнт «Советской Белоруссии» па Брэстчыне:

«Я звольніўся 13 жніўня па пагадненні бакоў. Знайсці іншае месца адразу не атрымалася. Займаўся хатнімі справамі, праводзіў час з сям’ёй. Разглядаў розныя варыянты працаўладкавання. Было некалькі прапаноў ад незалежных рэгіянальных СМІ, але я ўсё ж вырашыў мяняць сферу дзейнасці, вучыцца новаму. На наступным тыдні пачынаецца мая стажыроўка ў адной з IT-кампаній. Спадзяюся, усё атрымаецца.

Чаму вырашыў не заставацца ў журналістыцы? Некалькі прычын. Пасля журфака БДУ я 15 гадоў працаваў у дзяржаўных СМІ. З 2015-га — у якасці рэгіянальнага карэспандэнта газет «Рэспубліка» і «СБ». Напэўна, проста надакучыла. Захацелася чагосьці новага. Да таго ж, заробкі ў многіх рэгіянальных медыя можна назваць сімвалічнымі. А іншых варыянтаў у мяне і не было».

Аляксандр Ярмаш, былы спартовы карэспандэнт БТ:

Cкрыншот YouTube-канала «ЧестнОК»

«Афіцыйна ў мяне няма працы. Дый няма вялікага жадання пісаць. Час такі, што ў інтэрв’ю са спартоўцамі трэба кранаць палітыку, а я стаміўся ўжо ад гэтых тэм. У журналістыцы я ўсё ж дзеля спорту.

Таму адпачываю ды спрабую сябе ў IT. Пакуль складана. Тым больш што кампанія, куды запісаўся на курсы, перайшла на дыстанцыйна-самастойнае навучанне. Турбаваць ментара па кожным пытанні — не мая тэма, шукаю адказы сам, а гэта вельмі марудна і патрабуе добрай самадысцыпліны.

Што да звальнення, то шкадаваць няма аб чым. Асацыяваць сябе цяпер з такой структурай, як БТ, — гэта быць у канфлікце з сумленнем».

Таццяна Бародкіна, былая вядучая СТБ:

«Лёс пакуль складаецца цяжка. У мяне няма жадання ўладкоўваць сваё жыццё за межамі Беларусі. Я не эмігравала з сям’ёй, а эвакуявалася. Пасля таго як я пачала выказвацца, мне сталі пагражаць, што забяруць дзяцей. Потым і мужу пайшлі пагрозы: ён пасля закрыцця Symbal.by вырашыў бясплатна распаўсюджваць майкі з сімволікай.

Мы з’ехалі ва Украіну, а пасля муж вырашыў з’ехаць часова ў Польшчу. Цяпер мы ў Варшаве. Ва Украіне мне прапаноўвалі працу вядучай на запатрабаваным тэлеканале. Карты проста ў рукі, складана было адмовіцца. Але для мяне ў першую чаргу важна не прафесія, а сям’я.

У Польшчы сама працу не шукаю, мне псіхалагічна складана. Не хачу! Мара — вярнуцца ў свой дом. Эфіры, упэўнена, будуць у мірны час і на новым ТБ».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?