Мікола Статкевіч,фота Радыё Свабода

Мікола Статкевіч,фота Радыё Свабода

21 чэрвеня пройдзе Кангрэс праеўрапейскіх сілаў. Галоўны пункт парадку дня — вылучэнне адзінага кандыдата на наступныя прэзідэнцкія выбары. Мілінкевіч браць удзелу ў гэтым Кангрэсе не збіраецца.

Пра тое, што рыхтуецца Кангрэс праеўрапейскіх сілаў стала вядома яшчэ ў лютым. Большасцю суб’ектаў дэмакратычнай апазіцыі, апроч ПКБ і БСДП, была ўтвораная адмысловая камісія, якая шточацвер збіралася на Сядзібе Партыі БНФ і вяла перамовы аб падрыхтоўцы мерапрыемства.

Ініцыятарам правядзення Кангрэсу быў лідэр незарэгістраванай БСДП «Народная грамада» Мікола Статкевіч. А меркаваныя тэрміны называліся — верасень ці кастрычнік.

Супярэчнасці пры падрыхтоўцы былі. Першыя выступалі за вылучэнне на Кангрэсе адзінага кандыдата ад праеўрапейскіх сіл. Іншыя выступалі за правядзенне такой вось мабілізуючай сустрэчы, каб сысціся ў агульных ацэнках і падыходах.

А літаральна пару дзён з’явілася інфармацыя, што

лідэр Руху за Свабоду Аляксандр Мілінкевіч узяў у свае рукі ініцыятыву па правядзенні вось такой сустрэчы.
Рэгіянальным актывістам пайшлі лісты ад імя экс‑кандыдата на пасады прэзідэнта з запрашэннем узяць удзел у Кангрэсе. Сябры астатніх палітычных партый і арганізацый пра такія пачынанні нічога не ведалі.

Мікола Статкевіч на гэта ўсё адмоўчваўся. Прасіў журналістаў патэлефанаваць яму 21 траўня, калі павінна была адбыцца чарговая нарада па правядзенні Кангрэсу. Маўляў, тады ўсё і вырашыцца. Чакайце навін.

Вырашылася. Ад намесніка старшыні Руху за Свабоду Віктара Карняенкі

стала вядома, што Кангрэс адбудзецца роўна праз месяц 21 чэрвеня.
«Хутчэй за ўсё, браць удзел не будзем», — сказаў В.Карняенка. А потым дадаў, што ўсё трэба параіцца з людзьмі з Руху, і зрабіў укол на адрас некаторых палітычных лідэраў. «На шчасце, нам ёсць з кім раіцца, а то шмат такіх палітыкаў, што самі сабе і партыя, і актывісты», — іранізаваў В.Карняенка.
Рух за Свабоду мае намер і правядзе свой Кангрэс у кастрычніку, запэўніў намеснік Мілінкевіч.

Статкевіч жа выпраменьваў аптыміст. «Ёсць цвёрдая дамоўленасць, што Кангрэс адбудзецца 21 чэрвеня», — адразу сказаў ён.

Лідэр даўно незарэгістраванай «Народнай грамады» расказаў, што ніякіх адмысловых сходаў па вылучэнні кандыдатаў у рэгіёнах не будзе. Кожная партыя прывядзе столькі людзей, колькі зможа, запэўніў Статкевіч. Узнікае лагічнае пытанне, ці не будзе пры такім раскладзе сярод удзельнікаў Кангрэсу абсалютна выпадковых людзей.

Галоўным пунктам праграмы будзе вылучэнне адзінага кандыдата на пасаду прэзідэнта ад праўрапейскай кааліцыі.

«Пераможа той, хто зможа заангажаваць найбольшую колькасць сваіх прыхільнікаў. Не разумею, чаго хвалявацца лідэрам, якія заяўляюць пра ўласную шматтысячную падтрымку?», — задаецца пытаннем былы палітвязень.

Цікаўлюся, дзеля чаго такая тэрміновасць, ці можна правесці якаснае мерапрыемства маючы ўсяго месяц на падрыхтоўку. «А чаго чакаць? Мы вялі кансультацыі цягам трох месяцаў. Па асноўных пунктах ёсць дамоўленасць сямі з васьмі суб’ектаў, якія вялі перамовы па падрыхтоўцы Кангрэсу», — кажа М.Статкевіч.

Праўда, ужо праз некалькі хвілін гутаркі высвятляецца, што АГП і БХД (ці не самыя масавыя сілы, што могуць узяць удзел у Кангрэсе) канчатковага рашэння яшчэ не прынялі.

Набіраю нумар лідэра АГП Анатоля Лябедзькі. «Ведаеце, я ўжо заблытаўся ва ўсіх гэтых кангрэсах. Для АГП на сённяшні дзень няма больш актуальнай задачы, як данясення да людзей Антыкрызіснай платформы АДС, чым мы і займаемся.

Прызнацца, я не вялікі прыхільнік правядзенне такіх вось кангрэсаў, дзе будуць вызначаць, хто большы «еўрапеец», ці прыхільнік еўраатлантычнай інтэграцыі, а хто меншы. Мне не падабаюцца гэты бег навыперадкі.
Будзем на Палітрадзе партыі вырашаць, ці браць удзел у Кангрэсе. Ёсць шмат больш актуальных праблем, якія трэба вырашаць. Калі Кангрэс праеўрапейскіх сіл неяк прыблізіць іх вырашэнне, то мы, безумоўна, возьмем у ім удзел», — сказаў А.Лябедзька.

Мікола Статкевіч кажа, што ён згодзен, каб гарадскія ўлады далі для правядзення Кангрэса нават пляцоўку ў Парку дружбы народаў, калі не знойдзецца вялікіх памяшканняў.

Вядома дакладна, што ў Кангрэсе праеўрапейскіх сіл возьмуць удзел Партыя БНФ, незарэгістраваныя партыі Статкевіча і Навасяда, «Малады фронт», а таксама малавядомая ініцыятыва Вячаслава Сіўчыка «Разам».

Выглядае на тое, што пры такім раскладзе сілаў відавочным адзіным кандыдатам ад праеўрапейцаў стане Мікола Статкевіч.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?