На гэты момант праваабаронцам-вясноўцам вядомыя 416 прозвішчаў людзей, затрыманых у Мінску, Жодзіне, Дзяржынску ды іншых гарадах. Сярод іх — выбітны эканаміст, член Каардынацыйнай рады Дзмітрый Крук (Мінск) і кандыдат сельскагаспадарчых навук Іраіда Міско (Жодзіна).

29 лістапада ў розных мікрараёнах Мінска адбылося каля 60 шэсцяў пратэсту. У іх узялі ўдзел некалькі дзясяткаў тысяч чалавек. Найбольшыя шэсці, з удзелам некалькіх тысяч жыхароў кожнае, адбыліся ў Дамброўцы на вуліцах Жыновіча-Матусевіча і на Захадзе (вуліцы Бурдзейнага-Адзінцова). Масавыя шэсці адбыліся таксама на Паўднёвым Захадзе, ва Уруччы і на Партызанскім праспекце. Сілавікі лёталі па горадзе на бусах і разганялі людзей, але шэсці ўтвараліся зноў, часам на суседніх вуліцах.

Акцыі пратэсту адбыліся таксама ў некалькіх дзясятках лакацый Брэста, Гродна, Гомеля, Магілёва, Віцебска, у Жодзіне, Смалявічах, Дзяржынску, Бараўлянах, Радашковічах, Ляхавічах, іншых гарадах і пасёлках.

Агульная лічба затрыманых за час пратэстаў перасягнула 31 тысячу чалавек.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?